Гісторыя поспеху заснавальніка “Контэ Спа” Валянціна Байко: як настаўнік музыкі разбагацеў на калготках

***

 

Апошнія дні снежня 2015 года, Гродна, Скідзельскі рынак. Індывідуальныя прадпрымальнікі распрадаюць рэшткі тавару, але цану моцна не скідваюць.

 

«Гэта ў вас якія панчохі, турэцкія? — удакладняе жанчына. — А чаго яны такія дарагія? Беларускія ж таннейшыя і больш якасныя». — «А што, усім цяпер толькі «Контэ» прадаваць?»— адказвае пытаннем на пытанне прадавачка.

 

Ад пачатку студзеня турэцкія панчохі на рынку больш не прадаюць. Прадпрымальнікі млява чакаюць ласкі з боку дзяржавы, але чыноўнікі раней ужо давалі ім некалькі адтэрміновак. Цяпер усё сур’ёзна. Гаспадар «Контэ» Валянцін Байко можа святкаваць перамогу над туркамі.

 

***

 

Украінскія маркетолагі ацанілі кошт брэнда на $50 мільёнаў! І гэта толькі назва, без прамысловых магутнасцяў. Сярод прыватных кампаній Беларусі «Контэ Спа» займае другое месца па прыбытковасці, наперадзе толькі «Еўраопт».

 

«Калі б у школе нармальна плацілі, не пайшоў бы ў бізнэс»

 

20-я школа Гродна — адна з нямногіх навучальных устаноў, якія маюць уласны музей. На сценах развешаныя стэнды са здымкамі славутых навучэнцаў. Найчасцей сустракаюцца фота бізнэсоўцаў Валянціна Байко і Андрэя Паўлоўскага — выпускнікоў, якія сталі асноўнымі фундатарамі музея.

 

Якім вучнем быў будучы мільянер? Выдатнікам не быў, але і на другі год не пакідалі… Настаўнікі, якія выкладалі ў яго, ужо на пенсіі. Таму работнікі школы раяць звярнуцца да паліттэхнолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты, які ў свой час настаўнічаў у 20-й школе.

 

У кнізе «Маленькі Парыж», напісанай Фядутам пра Гродна, «Валік Байко» некалькі разоў згадваецца як выхавацель у падлеткавым лагеры «Навука» для пераможцаў раённых алімпіяд.

 

«Валік быў нешматслоўным, засяроджваўся на працы. Карыстаўся кожнай магчымасцю, каб сумленна зарабіць. Ездзіў працаваць у летнікі, іграў на вяселлях», — расказвае Фядута.

 

«Я па адукацыі настаўнік пачатковых класаў і музыкі. І калі б у школе нармальна плацілі, я б не пайшоў у бізнэс», — узгадваў Байко ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе».


Ад бананаў да панчох

 

У пачатку 1990-х многія жыхары заходняй Беларусі зараблялі прымежным гандлем, і сям’я Байко не была выключэннем. Сям’я — гэта бацька, Валянцін Байко-старэйшы, які надаў бізнэсу першаснае паскарэнне, і яго два сыны.

 

Валянціна Байко-малодшага называюць агульным кіраўніком справы, а Дзмітрый займаецца будаўнічымі праектамі. На панчохах і калготках спыніліся не адразу. Сямейныя легенды расказваюць нават пра спробы гандлю бананамі. А для старту бізнэсу давялося прадаць аўтамабіль.

 

Першыя два вязальныя станкі бралі ў немцаў у кошт доўга. На беларускім рынку панчохі не выпускаліся, таму прадпрымальнікам удалося заняць свабодную нішу.

 

«Контэ Спа» з’явілася ў 1997 годзе, партнёрам сям’і Байко быў гродзенскі бізнэсмен Рычард Шэраль. Ён і цяпер працуе топ-менеджарам у структуры кампаніі.

 

Панчохі пайшлі на экспарт, што дазволіла атрымаць валюту для далейшага развіцця вытворчасці. Сакрэт поспеху «Контэ» быў у арыентацыі на замежжа. Дагэтуль больш за палову прадукцыі ідзе на суседнія рынкі, перадусім Расіі і Украіны. У гэтых краінах «Контэ» вядзе актыўную рэкламную кампанію. Напрыклад, на майдане Незалежнасці ў Кіеве нават у часе рэвалюцыі вісела гіганцкая расцяжка беларускай кампаніі.

 

У апошні час «Контэ» зарабляла дзясяткі мільёнаў даляраў штогод (глядзі ўрэзку). Кампанія навучылася аператыўна рэагаваць на запыты спажыўца. Гэта даўно ўжо не толькі панчохі з калготкамі.

 

Штаны, камбінезоны, шкарпэткі? Лёгка. Майткі, шапкі? Калі ласка. Трыкатажная прадукцыя прадаецца пад брэндам Esli, а мужчынскія тавары назвалі DiWaRi.

 

У асартыменце з’явіліся і дробныя аксесуары накшталт заколак для валасоў. Іх выпускаюць у Кітаі, а пасля імпартуюць у Беларусь.

 

Калі «Контэ» толькі з’яўлялася на рынку панчох, канкурэнцыя была невялікай. Але рынак адзення нашмат больш насычаны. Пашыраючы вытворчасць, Байко мусіў лабіраваць інтарэсы сваіх кампаній.

Фота Probusiness.by

 

Пралабіраваная рэформа

 

Філасофія бізнэсоўца супала з эканамічным светапоглядам Аляксандра Лукашэнкі. Чым выпуск шкарпэтак і купальнікаў не імпартазамяшчэнне?

 

«Беллегпрам» і раней вёў млявую барацьбу супраць замежных тавараў, але «Світанак» з «Купалінкай» знаходзіліся пад малаэфектыўным дзяржаўным кіраўніцтвам і не дэманстравалі поспехаў.

 

Валянцін Байко пастаянна даводзіў, што індывідуальныя прадпрымальнікі маюць неабгрунтаваныя льготы. Адстойваў ён сваю пазіцыю і на нарадах ва ўрадзе.

 

«Многія гады было ўзаконена, што людзі, якія гандлююць на базарах, не мелі дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё тавару. Такая пастаноўка пытання з’яўляецца дзіўнай і нелагічнай у цывілізаваным свеце. У кожнага чалавека, які мае дом, машыну, адзенне, ёсць дакументы. А тут цэлая армія прадпрымальнікаў у нейкіх ільготных умовах. Гэта фактычна ўзаконены канал збыту нелегальных тавараў з Кітая і Кыргызстана!» — летась даводзіў сваю пазіцыю Байко ў эфіры «Беларусь-1».

 

Увядзенне сертыфікацыі перадзеліць рынак. Іпэшнікі будуць з яго вымытыя, і найбольшую выгаду атрымаюць беларускія вытворцы.

 

«Нішы будуць занятыя суб’ектамі гаспадарання, не толькі вытворцамі, але і імпарцёрамі, якія ў стане прывозіць прадукт з нармальнымі дакументамі», — спрагназаваў Байко. Ягоны «Контэ» трапляе ў абедзве катэгорыі.

 

Сам бізнэсовец запэўнівае, што дбае пра роўныя ўмовы працы: «Калі прадпрымальнік на рынку не мае дакументаў, той, хто закупіць легальны тавар і сплаціць з гэтага большы падатак, стане не- канкурэнтаздольным. Цяпер, калі ўсе будуць у роўных умовах, усе будуць абавязаныя перастроіцца. Ці ісці на завод працаваць, ці стаць мастакамі і музыкантамі, ці прадпрымальнікамі».

 

Дзяржава з насцярогай ставіцца да поспехаў прыватнікаў. Другое і трэцяе месцы рэйтынгу гродзенскіх бізнэсоўцаў — згаданы вышэй сенатар Андрэй Паўлоўскі (сельскагаспадарчая кампанія «Біяком») і сям’я Зухавіцкіх (мэбля «ЗОВ»), — пад следствам.

 

А «Контэ Спа» тым часам увайшло ў склад «Беллегпрама». Летам 2015 года старшыня канцэрна заявіў, што паспяховае прадпрыемства само папрасілася пад дзяржаўнае крыло.


Гандлёвыя цэнтры, крамы, клубы

 

Малодшы з братоў, Дзмітрый, курыруе будаўнічы бізнэс. Сям’я Байко ўшчыльную занялася гандлёвымі цэнтрамі.

 

Увосень 2015 года на вуліцы Дубко ў Гродне адкрыўся цэнтр Old City («Стары горад») з гіпермаркетам «Гіпа». На першым паверсе будынка ўзвялі імправізаваны замак са старой цэглы, сабранай у польскіх вёсках.

 

Пры дапамозе палякаў сям’я Байко збіраецца будаваць у Гродне яшчэ адзін гандлёвы цэнтр, на рагу праспектаў Кляцкова і Янкі Купалы. Кошт «Trinity» ацэньваецца на 66 мільёнаў еўра. Праект прадугледжвае больш за 60 тысяч м2 гандлёвых плошчаў і можа стаць найбуйнейшым гандлёвым цэнтрам у краіне.

 

 

Таксама Байко валодае клубамі і рэстаранамі ў Гродне, а таксама сеткай крамаў касметыкі і бытавой хіміі «Оптыма».


Рэзідэнцыі сям’і Байко

 

Гродна — горад з каралеўскім мінулым і рэкардсмен краіны па прыросце насельніцтва. На ўскрайку горада разбудоўваюцца панэльныя спальныя раёны, і тым даражэйшай становіцца зямля ў гістарычным цэнтры і каля вады.

 

Уздоўж кручастых берагоў Нёмана, які разразае Гродна надвое, знаходзяцца некалькі паркаў. Будаўніцтва тут фактычна не вядзецца. Аднак пару гадоў таму ў парку Ласосна паўстаў комплекс з некалькіх катэджаў. Некалькі драўляных вясковых хатак тут стаялі і раней. Але цяпер яны сталі хлявамі побач з сучаснымі дамамі. У Ласосне ўзвяла свае катэджы бізнэс-эліта Гродна.

 

«Рух забаронены» — такі знак сустракае няпрошаных гасцей. Першым за шлагбаумам стаіць дом Станіслава Сямашкі, уласніка будаўнічых кампаній і гатэля, названага ў гонар сябе. Гэта той дзеяч польскага руху, які падтрымаў Аляксандра Лукашэнку і ў канцы 2000-х узначаліў «афіцыйны» Саюз палякаў Беларусі.

 

Побач з домам Сямашкі — сціплы катэдж сям’і Байко. Калі быць дакладным, Валянціна Байко-старэйшага.

 

 

А вось сам гаспадар бізнэсу, кажуць, атабарыўся ў Калбасіне. Калісьці гэта была вёска ў прыгарадзе Гродна, аднак з цягам часу Калбасіна ўвайшло ў склад абласнога цэнтра.

 

Рэзідэнцыя Байко раскінулася амаль на 30 сотках зямлі. За каменным плотам, выстаўленым елачкай, два будынкі. У двары стаіць мікрааўтобус з дыпламатычнымі нумарамі. Нездарма ж Валянцін Байко-малодшы — ганаровы консул Украіны ў Гродне.

 


Мільянер-вегетарыянец


Разбагацеўшы, многія бізнэсоўцы змяняюць лад жыцця. Валянцін Байко не стаў выключэннем. Ён захапіўся экалогіяй.

 

«Мяса я не ем. Рыбу апошні раз еў паўгода таму, вырашыў, што больш не буду і ўжо не хачу, — расказваў ён «Камсамольскай праўдзе». — Я ішоў да здаровага ладу жыцця паступова. Я ніколі раней не думаў, што фрукты і ягады — гэта не дэсерт, а паўнавартасная ежа. Няма нічога смачнейшага на сняданак. Сёння гэта былі апельсіны, груша, банан, трошкі арэшкаў, ківі. А беларускія грушы, яблыкі і слівы са свайго саду ў жніўні — самыя смачныя ў свеце!»

 

Некалькі гадоў таму на «Контэ Спа» хацелі «павесіць» стратны калгас. Ідэя так і не была рэалізаваная, аднак інтарэс да сельскай гаспадаркі Байко займеў і нават зарэгістраваў уласную фермерскую гаспадарку.

 

«Я ўбачыў магчымасць жыць на прыродзе. Людзі з вёсак з’язджаюць у гарады, а я хачу жыць у вёсцы. Машына новая, кашуля чыстая — патрэбныя, але наогул шмат грошай для жыцця не трэба. Трэба, каб блізкія былі здаровыя, каб у хаце добрая атмасфера, энергетыка была».

 

У сям’і Валянціна Байко трое дзяцей — старэйшая дачка-студэнтка і двое сыноў-школьнікаў.

 

***


Прыбытковасць «Контэ Спа» (па дадзеных Міністэрства фінансаў)

2015 — $13 мільёнаў (звесткі 3-га квартала)
2014 — $42 мільёны (звесткі 1—3 кварталаў)
2013 — $22 мільёны
2012 — $56 мільёнаў
2011 — $85 мільёнаў
2010 — $53 мільёны
Агулам — больш за $270 мільёнаў

 

***


Самыя паспяховыя і ўплывовыя бізнэсоўцы рэгіёнаў (паводле «Ежедневника»)

 

Брэстчына — Аляксандр Машэнскі («Савушкаў», «Санта Брэмар»; №5**)
Магілёўшчына — Яўген Баскін («Сервалюкс», №6)
Гродзеншчына — Валянцін Байко («Контэ Спа», №10)
Віцебшчына — Мікалай Мартынаў («Марка», №15)
Міншчына — Анатоль Капскі (БАТЭ, №32)
Гомельшчына — Дзмітрый Пахомаў («Алкапак», №55)