Сяргей Саладоўнікаў: “На прагляд ніхто не прыедзе, а калі прыедзе, то ўжо на падпісанне кантракту”

– Для нас цяпер галоўнае праверыць сваю моладзь. Мы не павінны проста так цягнуць гэтых маладых футбалістаў у Вышэйшую лігу, яны самі павінны прайсці канкурэнцыю. Калі вытрымаюць яе, тады застануцца ў камандзе. Калі не, то на іх месца прыйдуць іншыя. Тыдзень папрацуем так, а 18 студзеня будзем чакаць асноўную масу футбалістаў.


Хто ўжо паспеў пакінуць каманду?

 

– Пакуль цяжка нешта сказаць. Ёсць з Лягчылiным пытанні, і з Савасцьянавым. Таксама з Бебе падтрымліваем сувязь, але яму трэба разабрацца з клубам, якому ён належыць. Гульцы вопытныя і мы хацелі б, каб яны засталіся ў камандзе. Мы іх заўсёды рады бачыць. Нам важна захаваць па максімуму леташні склад і ўмацаваць некаторыя пазіцыі. Што з гэтага атрымаецца, даведаемся бліжэйшым часам.

 

Што скажаце наконт Паўла Савіцкага?

 

– Асабіста маё меркаванне: Пашу бясплатна адпускаць нельга. Клуб у развіццё гульца ўклаў вялікія грошы і цяпер няправільна яго проста так адпускаць. Калі ён будзе сыходзіць, то гэта трэба зрабіць такім чынам, каб было выгадна і клубу куды ён пераходзіць, і клубу з якога сыходзіць, ну і натуральна яму самаму.


А Васiлючэк?

 

– Падобная сітуацыя і ў яго. Ва Улада выдаўся няўдалым мінулы сезон, яму трэба сябе зноў паказаць у справе. Дзе ён будзе – пакуль не вядома.

 

Што чуваць па навічках каманды?

 

– Заўчасна пра гэта не хочацца гаварыць. Магу сказаць, што на прагляд ніхто не прыедзе, а калі прыедзе, то ўжо на падпісанне кантракту, бо людзей якіх мы запрашаем, мы добра ведаем. Да 19 студзеня павінны ўкамплектаваць каманду на 90%.

 

Ходзяць чуткі аб прыездзе ўжо дастаткова сталага Васілюка ў Гродна. Што скажаце з гэтай нагоды?

 

– У такіх момантах заўсёды атрымліваюцца крайнасці. То мы дваццацігадовых робім маладымі, то трыццацічатырохгадовых – старымі. Для мяне няма маладога або старога, ёсць добры футбаліст і кепскі. У гэтай сітуацыі ўсё залежыць ад саміх гульцоў. Што тычыцца Васілюка, то я вельмі хацеў бы, каб ён працаваў у нас. На колькі ўсё гэта здзейсніцца – не вядома. Магу сказаць, што Раман – топавы футбаліст, які на працягу доўгіх гадоў даказвае, што можа і гуляць, і забіваць. Таксама варта адзначыць, што гэта асоба на якую ходзяць заўзятары. Але пра гэта яшчэ рана казаць, будзем чакаць.

 

А як жа амаладжэнне складу?

 

Зараз у нас каля 15 маладых гульцоў. Лічу, што ў камандзе патрэбныя і дасведчаныя гульцы, якiя ўжо шмат дзе пагулялi. Гэта ў першую чаргу будзе карысна для маладых. Напрыклад, Забелін будзе развівацца, калі пад ім будзе гуляць Канцавы, Сасноўскі або Кавалёнак. Менавіта такім чынам мы павінны развіваць моладзь. Натуральна, усё будзе вырашаць канкурэнцыя. Будзе добра, калі з маладых зайграюць 2-3 гульцы на добрым узроўні. Мы да гэтага прыкладаем максімум намаганняў. Варта адзначыць і падтрымку нашых кіраўнікоў, якія робяць усё магчымае, каб каманда была.


У канцы размовы, Сяргей Вітальевіч павіншаваў ўсіх аматараў футбола са святамі.

 

– Усіх заўзятараў я хачу павіншаваць з мінулымі святамі і надыходзячымі хрышчэнскімі маразамі. Хачу пажадаць цярпення і веры ў сваю каманду. Зараз цяжкі час для ўсіх, але прыемна, што на футбол людзі яшчэ ходзяць. Мы разумеем, што асноўны крытэрый у наведвальнасці нашых матчаў – добрая гульня. Для гэтага мы зараз прыкладзем максімум намаганняў і падбярэм тых гульцоў, якія ўмеюць і робяць гульню.