Гісторыкі з Гродна даследуюць драўляную архітэктуру, якая імкліва знікае з мапы рэгіёну
Драўляная архітэктура Беларусі – сялянская, шляхецкая, мяшчанская, культавая – мае тысячагадовую гісторыю. Драўніна з’яўлялася асноўным будаўнічым матэрялам на нашых землях аж да сярэдзіны ХХ ст., калі на змену драўляна-зрубнай канструкцыі прыйшлі цагляна-мураваныя і панэльныя дамы.
Замест таго, каб захоўваць гэтую спадчыну для нашчадкаў, ствараць скансэны і вадзіць туды турыстаў, у Беларусі яна безпадстаўна, а часам і мэтанакіравана, знішчаецца. Гэта тычыцца, у першую чаргу, вясковых хатак, дзе саўгасы выкупляюць закінутыя хаты і руйнуюць іх, каб вызвалены ўчастак выкарыстаць для павялічэння пасяўной плошчы.
Часам хаткі руйнуюцца і прыватнымі асобамі, каб на тым месцы пабудаваць новы дом або лецішча. У лепшых выпадках хаты перабудоўваюцца да непазнавальнасці, губляючы свой першапачатковы выгляд. Знікненне драўляных будынкаў адбываюцца вельмі хуткімі тэмпамі.
Дзеля захоўвання як мага большай інфарацыі аб захаванай драўлянай архітэктуры нашага краю некалькі зацікаўленых праблематыкай людзей, у прыватнасці гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Мечыслаў Супрон, стварылі ў Facebook суполку “Драўляная архітэктура – Wooden architecture”, дзе кожны неабыякавы можа апублікаваць фотаздымкі драўляных будынкаў са сваёй мясцовасці.
“Наша суполка стваралася з адной асноўнай мэтай – звярнуць увагу грамадства на захаванне драўлянай архітэктурнай спадчыны. Збор і накапленне фатаграфічнага матэрыялу – гэта дадатковая мэта, якая, спадзяюся, з часам перарасце ў больш паглыбленае вывучэнне праблематыкі, канчатковай мэтай якога будзе напісанне кнігі”, – кажа Мечыслаў, адзін з адміністратараў суполкі.
Гісторык распавёў, што часта арганізоўвае этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках вобласці:
“Калі прыяжджаеш у аддаленую ад горада вёску, у вочы кідаецца вялікая колькасць закінутых і занядбаных хат. Колькі раз бачыў стогадовыя хаты з моцнай драўнінай, але з працякаючым дахам. Гэта можа азначаць адно: жыццё хаты адлічвае апошнія гады. Аж сэрца крывёй абліваецца: гэта хата, дзе некалі бурліла жыццё, дзе нарадзілася, ажанілася і памерла не адно пакаленне, больш нікому не патрэбна. Ёй самае месца – у музеі народнай архітэктуры і побыту! Часта сустракаюцца хаты, дзе апошнія гаспадары не пакінулі пасля сябе нашчадкаў. У іх насцеж расчыненыя дзверы, павыбіваныя вокны, у пакоях стаіць мэбля, але паразбіваныя печы – мясцовыя п’яніцы выбіваюць жалезныя заслонкі і дзверцы, каб потым здаць на метал. Нават на сценах вісяць партрэты былых жыхароў, абразы. Няма нашчадкаў – а каму гэта больш можа спатрэбіцца?”
Падобная сітуацыя з драўлянымі пабудовамі і ў самiм Гродне. Унікальныя хаты ўжо пустуюць, нешта ўжо даўно знеслі. Андрэй Вашкевіч лічыць, што цягам апошніх дзесяці гадоў горад амаль цалкам страціў каштоўную драўляную забудову:
“Самыя цікавыя будынкі або знесены, або згарэлі, або перабудаваныя такім чынам, што ўжо не маюць каштоўнасці – з’явіліся шклопакеты, металічныя дзверы і іншае. Большасць прапановаў па ўнясенні драўляных будынкаў у спіс спадчыны (дамы на Валковіча, 17 верасня, Міцкевіча) не былі прынятыя. Удалося ўнесці толькі некалькі будынкаў па вуліцы Мядовай. Гэта была работа Ігара Трусава. Думаю, што пасля таго, як знясуць дамы па вул. Міцкевіча і Валковіча, пытанне пра існаванне ў Гродне арыгінальнай драўлянай архітэктуры можна будзе лічыць закрытым”.
Драўляных дамоў з кожным годам становіцца ўсё меней. Адна з асноўных прычын – урбанізацыя, рост гарадоў і адначасовае вымірання вёсак і мястэчак. Менавіта ў невялікіх населеных пунктах, ды нават і ў Гродне, драўляная архітэктура стварае своеасаблівую аўру і непаўторныя краявіды.