Пагаварыць, павучыцца, з’есці пірожнае: гарадзенскіх прадпрымальнікаў аб’яднаў Клуб паспяховых бізнесменаў
Бізнесменам нават пагаварыць няма з кім
Першыя сустрэчы прадпрымальнікаў, што пазней аб’ядналіся ў клуб, адбыліся ў пачатку 2015 года. Сустрэцца афлайн вырашылі ўдзельнікі бізнес-галіны гродзенскага форума, у якіх на той час ужо былі агульныя інтарэсы. “Сустрэча адбылася 5 сакавіка, на яе прыйшлі восем чалавек, – расказвае Юрый Кая. – Размаўлялі пра сябе, пра мэты ў бізнесе і шляхі іх дасягнення”.
З першай сустрэчы паміж удзельнікамі пачало завязвацца супрацоўніцтва. Высветлілася, што часам бізнесменам няма з кім нават проста пагаварыць на важныя для іх тэмы. “Супрацоўнікам не паскардзішся, партнёры заняты сваімі справамі, а сям’я ці сябры могуць падтрымаць толькі на бытавым узроўні, бо знаходзяцца па-за сферай бізнесу”, – кажа Юрый. Таму сустрэчы з людзімі бізнес-кола падаліся добрай ідэяй і ўжо наступным разам гаворка пайшла пра арганізацыю клуба.
Юрый вызваўся ўзначаліць ініцыятыву. У 2014-м спроба аб’яднаць прадпрымальнікаў ужо была – тады адбылося каля 10 сустрэч, пасля чаго праект “паспяхова загнуўся”. Юрый лічыць, што на сустрэчы “прыходзілі паныць”, таму нічога і не атрымалася. Тыя, хто атрымаў параду ці падтрымку, наладзіўшы справы больш не вярталіся. Гэтым разам у дзейнасць клуба заклалі іншую стратэгію – даваць на кожнай сустрэчы не толькі новую патрэбную інфармацыю, але і ствараць стымулы для далейшага супрацоўніцтва.
Хутка год, як кожную сераду ў 19.00 прадпрымальнікі ладзяць свае сустрэчы ў межах “КУБа” – “Клуба успешных бизнесменов”
Пазней сябры клуба прыводзілі сваіх сяброў і партнёраў, новыя людзі наведвалі мерапрыемствы і рабіліся сябрамі “КУБа” – за азначаны тэрмін праз суполку прайшло больш за 100 прадпрымальнікаў.
Цягнуць усё на сабе “як конь” – не бізнес
У планах – ахапіць дзейнасцю клуба ўсіх прадпрымальнікаў Гродна, якіх, па прыблізных ацэнках, у горадзе каля 6000. Юрый кажа, што ўжо зараз усё часцей пры знаёмстве бізнесмены кажуць, што чулі ад калег ці чыталі ў сеціве нешта пра “КУБ”. Гэта не дзіўна, бо дыяпазон прадпрымальніцкай дзейнасці сябраў клуба вельмі шырокі: кансалтынг, камп’ютарны софт, інтэрнэт-гандаль ці дызайн інтэр’ераў – толькі нешматлікія прыклады. Са словаў Юрыя, каля 80% усёй бізнес-палітры горада прадстаўлены ў “КУБе”.
Сярод прадпрымальнікаў ёсці і тыя, што на словах ухваляюць дзейнасць клуба, але не далучаюцца з-за недахопу часу. Пра такіх Юрый кажа, што яны “блытаюць бізнес з высокааплочваемай працай”. Ён лічыць, што спроба цягнуць справу як конь, незважаючы на сям’ю і адпачынак, да дабра не давядзе. Бізнесмена ад такога “работніка” адрознівае, як мінімум, магчымасць уплываць на сумы, што ляжаць на рахунку, уменне дэлегаваць частку абавязкаў і кіраваць часам. Бізнесмен рана ці позна дойдзе да такой высновы і пачне вучыцца весці бізнес, а “работніка” застанецца толькі пашкадаваць, бо здароўя і шчасця за грошы потым не купіш. Тым больш, што “ліхія 90-я”, калі можна было зарабіць грубай працай, безнадзейна скончыліся. У сённяшніх умовах выжыць можа толькі прадуманы і добра структураваны бізнес з гнуткімі схемамі кіраўніцтва. Гэта значыць, што людзям у бізнесе трэба змяняцца хутка, чуйна рэагаваць на змены сітуацыі і нават апярэджваць іх.
Кансультацыі экспертаў, падтрымка калег і салодкія пачастункі
У спісе тэм магчымых трэнінгаў, прапанаваных да абмеркавання на старонцы “КУБа”, большы за 400 (!) прапановаў. У першую чаргу праводзяцца тыя, за якія прагаласавала большасць сябраў клуба. Спікераў шукаюць сярод прафесіяналаў у канкрэтных тэмах. У сярэднім на кожную з такіх сустрэч збіраецца каля 20 чалавек.
На сустрэчы 13 студзеня, што была прысвечана медыяцыі – спосабу дасудовага вырашэння канфліктаў – у якасці экспертаў выступалі Іван Хурс, дырэктар, і Марыя Чэснакова-Ашурэк, медыятар, з гродзенскага філіала Цэнтра “Медыяцыя і права”
Сустрэчы ў клубе гэта не толькі магчымасць паслухаць экспертаў, але і шанец сустрэцца з калегамі ў нефармальнай абстаноўцы. Юрый расказвае, што “кава-чай-пячэнькі” абавязкова дапаўняюць сяброўскую камунікацыю. За год працы арганізатарам клуба ўдалося нават вызначыць самае любімае печыва гарадзенскіх бізнесменаў. “Гэта, – раскрывае таямніцу Юрый, – заварныя пірожныя з крэмам. Яны заўсёды расходзяцца ў першую чаргу”. Але часам бізнесмены просяць “пабалаваць” іх чымсці больш істотным, тады па-за канкурэнцыяй сасіскі ў цесце.
Нішто чалавечае не чужое і для паспяховых бізнесменаў. Кава чай і любімыя пячэнькі таксама спрыяюць камунікацыі
Сяброўская атмасфера клуба вельмі важная. Досвед паказвае, што парада чалавека са свайго горада можа быць нашмат карыснейшай, чым мноства інфармацыі па тэме з інтэрнэту ці ад людзей, далёкіх ад мясцовага кантэксту.
“Ёсць людзі, что са скепсісам ставяцца да нашай працы. Маўляў, хлопцы прадаюць паветра, усю інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце”, – расказвае Юрый. Апасенняў наконт негатыўнага ўплыву такіх меркаванняў ён не мае. Хутчэй, згодны з показкай пра тое, што “пакуль сабакі брэшуць, караван ідзе”.
На “КУБбоце” раскажуць, як пачаць бізнес
Да клуба могуць далучыцца толькі тыя, хто мае афіцыйны статус прадпрымальніка. Адсутнасць універсальнага нумара падаткаплацельшчыка (УНП), як лічыць Юрый, па-першае, пра недастатковую сур’ёзнасць намераў, па-другое – наўпрост нарушае заканадаўства. Без выканання гэтай умовы можна прыйсці на сустрэчу двойчы. Той, хто за два тыдні не зарэгістраваўся як прадпрымальнік, гэтай бізнес-суполцы не цікавы.
Такіх людзей, жартуе Юрый, можна падзяліць на дзве катэгорыі: “усё ведаю, хачу, але нічога не раблю” і “вочы гараць, гатовы працаваць, але не ведаю, чаго хачу”. Каб дапамагчы ім зарыентавацца, бізнесмены пачалі новы праект пад назвай “КУБбота”. Па суботах тыя, каму цікава пачаць бізнес, а таксама ўсе ахвотныя гарадзенцы, могуць далучацца да сустрэч. Тут можна атрымаць неабходныя кансультацыі, напрыклад, па рэгістрацыі ІП ці складанні бізнес-праекта, а таксама паўдзельнічаць у майстар-класах, што праводязць самі бізнесмены для пачаткоўцаў.
“Мы хочам быць карыснымі бізнесменам горада”
Што тычыцца ўласнага бізнеса, то Юрый мае досвед у галіне камп’ютарных тэхналогій, але асноўнай на сёння лічыць дзейнасць у “Бізнес Прарыве”. “КУБ”, “Куббота” і бізнес-трэнінгі – асноўныя напрамкі дзейнасці гэтай арганізацыі. “Мы хочам быць карыснымі бізнесменам горада, – кажа Юрый, – таму плануем і праводзім шмат сустрэч, запрашаем вельмі дасведчаных экспертаў”. Гэта мае зрабіць прывабным для бізнесменаў і клуб, як магчымую форму навучання, камунікацыі і супрацоўніцтва. Узаемадзеянне з калегамі, магчымасць даведацца пра досвед іншых, безумоўна дапамагаюць пераадолець свае перашкоды, зняць шоры з уласных вачэй. “КУБ” зменіць вас”, – напамінае Юрый слоган і формулу поспеху клубу.