У Гродне свята: “Нёман” здолеў абыграць “Юнацтва”

|

Для “Нёмана” гульні з мiнскай камандай заўсёды насілі прынцыповы характар. Заўзятары на працягу доўгіх матчаў чакалі рэваншу, ды і сам галоўны трэнер гарадзенцаў абяцаў, што хакеісты прыкладуць максімум намаганняў, каб даць бой “Юнацтву”. На жаль, да Новага года гэта зрабіць не ўдалося. А вось у першым супрацьстаянні 2016 года чырвона-чорныя ўсё ж узялі рэванш.

 

Дзякуючы актыўнаму старту, “Нёман” ужо на другой хвіліне намаганнямі Менцюка адкрыў лік. І гэта перавага гарадзенскай каманды пратрымалася на працягу першых дваццаці хвілін. 

 

Другі перыяд быў пераломным у матчы. Дзякуючы добрай гульні, гарадзенцы вытрымалі. Спачатку госці зраўнялі лік, праз хвіліну “Нёман” намаганнямі Баярчука зноў выйшаў наперад. Але праз 25 секунд “Юнацтва” зноў закiнула шайбу. Гарадзенцы знайшлі ў сабе сілы і на перапынак пайшлі з перавагай. У канцы другога перыяду шайбай адзначыўся капітан “Нёмана” Коршунаў.

 

Трэці перыяд быў не лягчэйшы за другі, але гарадзенцы ўжо выглядалі больш упэўненымi. Асабліва тады, калі Лісічкін зрабіў лік 4:2. Уласна больш у матчы нікому не ўдалося вызначыцца. Заўзятары пасля гульні яшчэ доўга стаялі і скандзіравалі  “Дзякуй “Нёман”.

 

Дадзены матч “Нёмана” супраць “Юнацтва” можна смела назваць лепшай гульнёй сезону. Каманда выглядала як ніколі ўпэўнена. Асабліва актыўнасці ў атацы гарадзенцам дадалі фінскія форварды, якіх ужо станоўча ацанілі заўзятары.


“Нёман” – “Юнацтва” 4:2 (1:0, 2:2, 1:0)

 

Галы:

01.43 1: 0 – Мянцюк (Лакконен, Рохтла)
23.19 1: 1 – Туркін (Чарнаок)
24.25 2: 1 – Боярчук (Лісічкін, Копылец)
24.49 2: 2 – Радзінскі (Абакунчык, Шафарэнка)
38.37 3: 2 – Коршунаў (Баярчук, Сэман, – бол.)
42.45 4: 2 – Лісічкін (Коршунаў, – бол.)

 

 

Пасля ўдалай хатняй серыі гарадзенцаў чакаюць сур’ёзныя выязныя матчы на Палессі. 19 студзеня “Нёман” будзе гасцяваць у Жлобіне ў “Металурга”, а 21 адправіцца ў “Гомель”, дзе сустрэнецца з мясцовай камандай.