Шэршэ ля фам: шукаем тыповую гарадзенку ў загалоўках навін

|

Каб стварыць гэты матэрыял мы перачыталі мноства навін, у якіх гераіня была пазначана толькі як “гарадзенка”. У СМІ так робяць, калі нельга неяк інакш, больш падрабязна, апісаць удзельнікаў падзеяў. Звычайна такі спосаб азначэння людзей ужываюць у навінах крымінальнага характару.

 

Гарадзенка ад малых гадоў цягнецца да высокага мастацтва. Прычым абірае для сябе арыгінальны жанр – роспіс аўтамабіляў з дапамогай цвікоў і каменьчыкаў. Мастацтва юнай творцы было высока ацэнена публікай і праваахоўнікамі, а бацькам мастачкі арыгінальнага жанру давялося разлічыцца за 14 “упрыгожаных” аўтамабіляў. У больш дарослым узросце яна вырашае вучыцца ў медыцынскім каледжы, дзеля чаго арганізоўвае падробку адзнак у атэстаце сталасці і спрабуе даць хабар прыёмнай камісіі.

 

Гарадзенка стала верыць у цуды і “лісты шчасця”, за каторыя гатова нават плаціць. Пахіснуць веру ў халяву можа толькі страта 40 тысяч далараў, пералічаных на афармленне выйгрыша ў Нігерыйскай латэрэі, у каторую яна ніколі не гуляла. Бляск і галечу гарадзенкі можна ацаніць па купленай за 3 мільёны патэльні, перыядычна крадзеных у краме ботах і тыдзень жыцця па чужой банкаўскай картцы.

 

Жаданне быць прыгожай і стройнай даводзіць гарадзенку да анарэксіі, але ў каханні ёй ўсё роўна не шанцуе. Таксама, як і ў камунікацыі з турыстычнымі фірмамі. З жаніхом дзяўчына расходзіцца напярэдадні вяселля, а вярнуць 35 тысяч долараў за аплочанае падарожжа ў Дамінікану не можа.

 

 

Магчыма з тае нагоды яна вырашае скрасці заручальны пярсцёнак у сябра, з каторым выпівае ў гаражы, а ў стане алкагольнага ап’янення паспрачацца з цвярозым вадзіцелем, каторы не па-джэнтэльментску здае даму ДАІ. Затое ў цвярозым стане гарадзенка дэманструе майстэрства кіравання аўтамабілем нават з дзіцём на руках. Калі ж замест уласнага аўтамабіля даводзіцца карыстацца паслугамі таксі, то гарадзенка ўмее разлічвацца не грашамі, а залогам несапраўдных пропуска на працу і банкаўскай карты.

 

Гарадзенка вельмі цэніць блізкія адносіны, таму, не застаўшы прыяцельку дома, проста падпальвае дзверы яе кватэры. А каб разабрацца па скасаванню шлюба з мужам, наймае дэтэктываў, але пасля адмаўляецца аплочваць іх паслугі і падае на пінкертонаў у суд.

 

Яна не можа знайсці вінаватых, што пабілі шкло машыны, аднак гэта не замінае гарадзенцы спрабаваць правезці праз таможню адзенне, схаванае ў бензабаку ўласнага аўто. Дасціпная гарадзенка ведае, што аўтамабіль – не адзіны спосаб перамяшчэння кантрабанды за мяжу і наступным разам спрабуе правезці ў Польшчу цыгарэты, схаваныя ва ўласнаручна выпечаным торціку.

 

 

Магчыма, што на  ідэю з нетыповым начынем торціка яе натхнілі “іншародныя целы”, а прасцей – чарвякі, знойдзеныя ў купленай пячонцы.

 

А у пячонцы самой гарадзенкі ўжо сядзяць гарадскія ўлады, што спрабуюць адсудзіць у яе адну з трох кватэр, што за шэсць гадоў дама ўмудрылася атрымаць праз ільготнае крэдытаванне.

 

Даведка “Твайго стылю”


У Twitter больш за два гады існуе жартоўны акаўнт @_FloridaMan, які паведамляе пра “найгоршага супергероя ў свеце”. Яго аўтар збірае загалоўкі, што ўтрымліваюць выраз “Florida Man” — “жыхар Флорыды” – так СМІ звычайна абазначаюць героя артыкула, калі не ўдаецца апісаць яго дакладней.


У медыйнай прасторы Расіі падобны праект рэалізуе “Медуза”. Тут можна пачытаць пра прыгода аміча ці екацерынбуржца, якімі яны выглядаюць у загалоўках навін.

 

Досведам калег з удзячнасцю скарыстаўся і “Твой стыль” у даследванні віртуальнага вобраза чалавека-гарадзенкі.

 

Чытай больш:


“Тыповы гарадзенец”. Што пра жыхароў Гродна можна даведацца з загалоўкаў інтэрнэт-навін