“Металург” перапыніў пераможную серыю “Нёмана”

|

Пасля ўдалай хатняй серыі, хакеісты “Нёмана” адправіліся на Палессе, каб правесці паядынкі з “Металургам” і “Гомелем”. Першая гульня адбылася 19 студзеня ў Жлобіне. Для гарадзенцаў яна склалася няўдала. Каманда, якая ў папярэднім туры паказала ідэальны хакей, супраць “Металурга” практычна нічога не зрабiла. Каманда Мілаша Голаня ўжо ў першым перыядзе прайгравала з лікам 3:0. Адну з трох шайб закінуў выхаванец гарадзенскага хакея Артур Коўрах, якога ў пачатку сезона абмянялі ў “Металург”.


– Заўсёды прыемна гуляць супраць Гродна, ведаю практычна ўсіх гульцоў, але на лёдзе на гэта зусім не звяртаеш увагі. Забіць “Нёману” ўдвая прыемней, бо я яшчэ нядаўна быў гульцом каманды. Для мяне не важна, хто забіў шайбу, галоўнае, што мы перамаглі.

 

Другі перыяд таксама застаўся за гасцямі. Чарговую шайбу за “Металург” закінуў Анікін.

 

У трэцім перыядзе, хоць гарадзенцы і выглядалі самавіцей, але акрамя адной шайбы закінуць больш не ўдалося. За “Нёман” адзначыўся Сцяпанаў. 


“Металург” – “Нёман” 4:1 (3:0, 1:0, 0:1)

 

Галы:

10.53 1: 0 – Шуба (Коўрах)
14:56 2: 0 – Марчанка (Нікулін, Дашкоў)
17.00 3: 0 – Коўрах (Кiрэчка, Осіпаў)
29.29 4: 0 – Анікін (Осіпаў, Елісеенка, – бол.)
46.45 4: 1 – Сцяпанаў (С. Маляўка, Казнадзей, – бол.)


Мілаш Голань пасля матчу пракаментаваў гульню сваёй каманды:

 

“Нёман” як дзень і ноч… З “Юнацтвам” – як дзень, сёння – як ноч. Нічога не паказалі абсалютна з самага пачатку. Не змаглі, мабыць, усвядоміць, што ў Жлобіне нас чакае новая гульня. Супернік ўсё вырашыў яшчэ ў першым перыядзе. Здзейснілі пару памылак у сваёй зоне, затым брамнік недаацаніў кідок ад чырвонай лініі. А потым пайшло-паехала, і ўся гульня не атрымалася.


У другім перыядзе паспрабаваў усё: памяняў брамніка, памяняў тройкі нападаючых, пары абаронцаў. Але сёння не пашанцавала, не атрымалася. Трэба заўсёды стаяць двума нагамі на зямлі, імкнуцца настройвацца на кожны матч і выйграваць.


Прайграем і перамагаем мы разам, як каманда. Чэмпіянат працягваецца. Трэба паглядзець сённяшнія памылкі, прааналізаваць іх і паспрабаваць больш не дапускаць.

 

Гарадзенскія заўзятары адзначаюць, што пасля такіх гульняў, якую ў папярэднім туры правёў “Нёман” супраць “Юнацтва”, дзе каманда выклалася на ўсю, часцяком бываюць спады. Гэта нармальная з’ява. Многія ўпэўнены, што каманда ў наступным туры, у якім будзе гуляць супраць “Гомеля”, будзе выглядаць куды лепш, чым у Жлобіне. Гульня супраць “рысяў” пройдзе 21 студзеня.