Ад элітнага да даступнага: коратка пра гісторыю кавы і гарбаты ў Гродне і Беларусі

Каву любілі шляхцянкі

 

Кава стала папулярнай у Еўропе пасля перамогі войскаў Рэчы Паспалітай над туркамі пад Венай у 1683 г. У абозе султана было захоплена 30 мяшкоў кавы. Уладальнікам іх стаў смелы львавянін Кульчыцкі, які доўгія гады быў у турэцкім палоне, дзе палюбіў каву. Ён і адчыніў у Вене сваю кавярню. Еўрапейцы не вельмі палюбілі каву Кульчыцкага, горкі турэцкі напой быў ім не па нораву. Але з дадаткам цукру і малака кава прыйшлася венцам даспадобы.

 

Першая кавярня адчынілася ў Варшаве ў 1724 г. і праз некалькі гадоў у Вільні. Кава хутка стала вельмі папулярнай. Асабліва любілі яе шляхцянкі. Некаторыя маглі за ранак абысці дзесяць дамоў і ў кожным пачаставацца кубачкам духмянай кавы. Паступова кава пачала распаўсюджвацца сярод рамеснікаў. Напрыклад, майстар з раніцы паіў сваю сям’ю і вучняў кавай з цукрам, што было танней за ранейшыя сняданкі, але таксама досыць наядна.

 

Першую кавярню заснаваў Тызенгаўз

 

Першы гродзенскі кафэнгаўз (кавярня) быў закладзены гродзенскім старастай Антоніем Тызенгаўзам на Гарадніцы ў 1770-х гг. Апісанне гэтай установы, праўда ўжо зачыненай і пераробленай у карчму, знайшла гродзенскі гісторык Наталля Сліж. Будынак кафенгаўза знаходзіўся на месцы галоўнага корпуса Гродзенскага Дзяржаўнага Універсітэта імя Янкі Купалы.

Кафенгаўз на карце Гарадніцы

 

Тызенгаўз заклаў такія ўстановы ў Ласосне, Крынках, Паставах. Захаваўся таксама інвентар рэчаў гродзенскага старасты, якія былі ў ягоным маёнтку ў Жалудку. Сярод маёмасці Антонія Тызенгаўза было мноства посуду з парцаляны, срэбра і фаянса для прыгатавання і піцця кавы – кубачкі, млынок, імбрыкі, мерныя лыжачкі.

 

“Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі…”

 

З канца XVIII стагоддзя кава стала часткай жыцця шляхецкіх маёнткаў Гродзеншчыны. Ніжэй радкі з паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча. 

 

Мужчын і дам асобнай частавалі ежай:

Разносіць посуд пачалі для кавы свежай,

Дык на падносах, хораша размаляваных,

Дыміўся рад пахучых чайнікаў бляшаных,

Стаялі пазалочаныя філіжанкі,

А побач – дробныя гарнушкі для смятанкі.

Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі,

Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі,

Жанчына ў доме адмысловая бывае,

Кавяркай званая. Яна і здабывае

У горадзе або ў віціннікаў зярняты

І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,

Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,

Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела.

 

Піць чай было непатрыятычна

 

Бліжэй да 1830-х гг. папулярнай стала на Гродзеншчыне і гарбата. Нягледзячы на тое, што піццё гарбаты лічылася сярод шляхты “непатрыятычнай” справай, яна хутка заняла сваё месца. Напрыклад у маёнтку Біспінгаў ранак пачынаўся з кавы, а вось ужо гадзін у адзінаццаць дня пілі гарбату, якую прывозілі галоўным чынам з Расіі. Гарбату не пілі, як англічане, з малаком, а дадавалі некалькі кропель віна і лімон. Вельмі хутка набраў папулярнасці і самавар.

 

Паўстанец на заднім плане налівае сабе кіпень з самавара

 

Станіслаў Жукоўскі. Нацюрморт з самаварам

 

Пад канец ХІХ ст. гарбату дома пілі ўжо прыкладна 10-15% беларускіх сялян, але, як і кава, яна працягвала заствацца досыць дарагім напоем. Большасць сялян або не пілі гарбату зусім, або пілі вельмі рэдка. Таксама вельмі нятанна каштаваў і цукар.

 

Чайная пачатку ХХ ст.

 

У гэты час па мястэчках пачалі адкрывацца “Чайныя”, дзе ўжо можна было выпіць шклянку гарбаты за пару капеек, праўда якасць гарбаты была зусім не тая, што ў шляхецкіх дамах сярэдзіны ХІХ ст. У той час у Гродне карысталіся папулярнасцю цэйлонская гарбата і чорная байховая гарбата, а таксама сарты “Імператарскі” і “Кітайская ружа”. Такім чынам і кава і гарбата паступова пераўтвараліся з прадмета раскошы ў штодзённы прадукт большасці жыхароў нашага горада і ваколіц.