Эксперыментальная гасцёўня ў тэатры лялек сабрала сапраўдны аншлаг
Аляксандр Цебянькоў
Распачынаючы новы праект, Аляксандр Цебянькоў, старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячоў і вядоўца вечара, хацеў аб’яднаць мясцовых аматараў мастацтва вакол тэатра і пазнаёміць іх з эксперыментальнымі формамі яго існавання. Запоўненая гледачамі зала паказалі, што ў Гродне такую ініцыятыву падтрымліваюць. Уласна Аляксандр і пачаў вечар баладай пра артыста.
Аляксандр Енджэеўскі з тэатру лялек і Васіль Мініч з драмтэатру ў кароткай інтэрмедыі амаль без слоў паразважалі над лёсамі мастацтва, а Ірына Купчанка, сцэнічны вобраз якой увасобіў “смерць мастацта”, пачытала вершы Хармса.
Васіль Мініч і Аляксандр Енджэеўскі
Ірына Купчанка
Васіль Прабадзяк у гасцёўні разважаў пра філасофію спажывання гарэлкі, “правільныя” гранёныя шклянкі і рыжыкі ў смятане.
Васіль Прабадзяк
Песня “Адліга” ў выкананні мастачкі-канструктаркі тэатра лялек Вікторыі Анціпінай магла б растапіць нават снег, не тое што сэрцы прыхільнікаў тэатра. Як высветлілася пазней, у гэты дзень яна адзначала свой дзень нараджэння. Магчыма, зрабіць у гэты дзень падарунак гледачам – таксама частка новага тэатральнага эксперымента.
Вікторыя Анціпіна
“Цвіком праграмы” стаў міні-спектакль “Як мы з Надзяй працавалі ў краме моднага адзення”, што прадставілі на суд публікі Аляксандра Літвінёнак і Вольга Авасількі.
Яскравы гумар і шчырасць выканання, разам з пазнавальнасцю створаных вобразаў, як найлепш адпавядалі фармату гасцёўні. Менавіта так і рэальныя гераіні маглі б з гумарам распавядаць знаёмым пра свае спробы знайсці месца ў жыцці і пошукі творчай працы.
Аляксандра Літвінёнак і Вольга Авасількі
Па сканчэнню спектакля ахвотных падзяліцца ўражаннямі і прадоўжыць вечар запрасілі ў кавярню “Шэкспір”.
Чытай больш: