Васілючак адправіцца з “Крыламі” ў Арабскія Эміраты. Яго лёс вырашыцца ў пачатку лютага

|

Уладзіслаў Васiлючак, у якога закончыўся тэрмін кантракту з “Нёманам”, у лicтападзе 2015 года  праходзіў прагляд у самарскіх “Крылах Саветаў”. Як паведаміў яго агент Віталь Кузняцоў, брамнік праводзіў штодзённыя двухразовыя трэніроўкі з асноўным і дублюючым складамі клубаў, прыняў удзел у двухбаковай гульні.

 

Зараз Васiлючака запрасілі на паўторны прагляд, які адбудзецца ў Арабскіх Эміратах. Ёсць верагоднасць, што маладога галкіпера выпрабуюць у адным з трэніровачных матчаў супраць азіяцкіх каманд.

 

Гарадзенскі галкіпер выляцiць разам з самарцамi на другі перадсезонны збор каманды ў сераду, 27 студзеня. Прагляд Васiлючака працягнецца да 9 лютага.

 

У канцы мінулага года па ацэнках сайта transfermarkt.de кошт гарадзенскага галкіпера істотна змяніўся. Футбаліст няважным чынам правёў мінулы сезон, але яго цэннік павысіўся на 100 тысяч долараў. Хутчэй за ўсё – з-за цікавасці расійскай каманды і выступлення гульца на міжнароднай арэне. Зараз кошт Васiлючака складае 250 тысяч долараў.

 

 

Калі галкіпер пяройдзе ў бліжэйшы час у якую-небудзь каманду, то футбольны “Нёман” зможа атрымаць за гульца толькі невялікую кампенсацыю, бо Васiлючаку няма яшчэ 23 гадоў. А прадаць футбалiста гарадзенская каманда не можа, бо ў галкіпера скончыўся кантракт.