“Ніколі не позна жыць”. Акцёр і рэжысёр Сяргей Курыленка адзначае 60-гадовы юбілей
Іграў Дурэмара, Цёркіна і… на балалайцы
Пазнаёміцца з тэатрам і паспрабаваць сябе на падмостках Сяргею Курыленку давялося яшчэ ў школьныя гады. Бацька аднаго з аднакласнікаў захапляўся тэатрам і рабіў пастаноўкі са школьнымі таварышамі сына. “Цэлы клас удзельнічаў ў спектаклах, – успамінае Сяргей зараз. – Я тады вельмі любіў адмоўныя ролі. У “Залатым ключыку” з асалодай іграў Дурэмара”.
У выпускным, дзясятым класе дасталася яму і пазітыўная роля – Васіль Цёркін у яго выкананні трапна цэліўся са сцэны ў самалёт вінтоўкай, што пазычалі для спектакля ў кабінеце ваеннай падрыхтоўкі.
На здымку злева – 1972 год, вучань 10 класа Сяргей Курыленка – удзельнік школьнага конкурса “Ало, мы шукаем таленты”. Справа – ужо заслужаны артыст Беларусі, рэжысёр-пастаноўшчык Гродзенскага драматычнага тэатра
На конкурсах “Ало, мы шукаем таленты” клас заўжды браў прызавыя месцы. Унёсак у перамогі прыносіў і Сяргей. Дзеля агульнай справы мог сыграць не толькі на сцэне, але і… на балалайцы.
Адкуль бярэцца пазнавальнасць
Пазней творчыя схільнасці і камандны дух ледзь не сыгралі з будучым акторам злы жарт. У час службы ў войску Сяргей любіў на страявой падрыхтоўцы пакрычаць песні за цэлы ўзвод: “Рваў глотку зімой на марозе – неразумны быў”.
З бацькамі – Валянцінай Калінаўнай і Eладзімірам Сцяпанавічам, e час службы ў войску. Бацькі будучага акцёра хоць і жылі на Смаленшчыне, але маюць беларускія карані і паходзяць з Віцебскай вобласці
Праблему з голасам заўважылі педагогі пры паступленні ў тэатральны інстытут, але тады ўдалося адгаварыцца прастудай і “прыкрыцца” медыцынскай даведкай. А вось наступны скразняк прывёў да поўнай страты голасу, лекаванне каторага заняло доўгі час.
Так выглядаў Сяргей Курыленка ў час навучання ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. Злева – ў п’есе “Карташ” (1977), справа ў пастаноўцы “Тарцюфа” ў ролі Аргона
Прыгадваючы тую пару, Сяргей з удзячнасцю распавядае пра дапамогу ўрача-фаніятара Маргарыты Грыгор’евай, што дапамагла аднавіць голас. Амаль штодзённыя працэдуры спрыялі наладжванню сяброўскіх стасункаў. Сяргей расказвае, што заўсёды запрашаў урача на студэнцкія спектаклі, а потым на аборону дыплома.
Злева – здымак з дыпломнага спектакля “Успамін”, у ролі Дзяніса, справа – здымак з першага курса – партрэтны грым для ролі Меньшыкава
Яшчэ раз лёс звёў Сяргея Курыленку з лекаркай, што выратавала яго голас, ужо ў Гродне, праз некалькі гадоў пасля выпуску з інстытута. Фаніятар прыязджала ў тэатр для прафілактычнага абследвання акцёраў, бо праблемы з голасам у іх прафесіі не рэдкасць. Сяргей расказвае пра гэту сустрэчу не інакш, як пра анекдот, бо лекарка яго не пазнала, чым вельмі збянтэжыла. Памятаючы пра доўгі перыяд знаёмства і сяброўскія адносіны, ён спадзяваўся на больш цёплую сустрэчу. Аднак усё змянілася, як толькі акцёр адкрыў рот, каб паказаць спецыялісту горла. “Сяргей!” – усклікнула лекарка, адразу ўзгадаўшы былога пацыента.
У адной з першых роляў на гарадзенскай сцэне (1982). Сяргей Курыленка іграе Джыма О’Конара ў спектаклі “Шкляны звярынец” Тэнэсі Уільямса
Былое армейскае ліхацтва пакінула Курыленку не толькі пазнавальны голас, але і ўнікальныя звязкі. Яго, такім чынам, ні з кім не зблытаеш. Проста – пазнае акцёра кожны па сваіх прыкметах.
Акцёр аднаго тэатра
Увесь час ад выпуска з інстытута Сяргей Курыленка працуе ў Гродзенскім драматычным тэатры. Спачатку, як усе маладыя, думаў з часам змяніць і лёс і горад, але жыццё скалалася інакш.
У 1986 Сяргей Курыленка іграў Арцёма Шэфера ў спектаклі “Завтра была война”. Зараз у гэтым спектаклі ён таксама працуе – чытае за сцэнай тэкст ад аўтара
Артыст аб гэтым не шкадуе, хаця прызнае, што для акцёраў цікава і карысна мяняць раз пораз і тэатральныя пляцоўкі, і рэжысёраў. Са словаў Сяргея, добрым прыкладам можа быць Польшча, дзе пры тэатрах ёсць службовае жытло. Акцёр прыязджае і можа жыць пэўны час, пакуль працуе з тэатрам. Такім чынам вырашаюцца найбольш вострыя бытавыя праблемы і артыст рэальна атрымлівае права на выбар тэатра, творчы пошук і годнае жыццё. Нашым акцёрам прыходзіцца больш думаць пра хлеб надзённы і дах над галавой, бо вырашаць бытавыя пытанні прыходзіцца самастойна, без вялікага разліку на патрымку зверху.
Гродна стаў для Сяргея Курыленкі родным ва ўсіх сэнсах. Тут яго дом, сям’я і тэатр, дзе ён працуе разам з жонкай, актрысай Валянцінай Харытонавай (здымак 1998)
Паміж правіламі і эксперыментамі
“Як артыст, – кажа Сяргей, – я гатовы да эксперыменту”. Увесь час хадзіць пратаптанымі сцежкамі нецікава. Сяргей прызнае, што рабіць па-новаму, хадзіць “па калена ў брудзе ці снезе, калі побач ёсць гатовая сцежка – цяжка”. І ў сабе і ў іншых артыстаў ён часам адчувае гэты ўнутраны супраціў новаму, аднак іншага шляху для творчага развіцця ў прафесіі не існуе. “Чым больш розных сцежак ведаеш, чым больш варыянтаў дасягнення мэты маеш, тым ты багацейшы і цікавейшы як артыст”.
Сяргей Курыленка ў ролі Фабрыцыа ў п’есе “Тракціршчыца”, 1991 год
Акцёр і рэжысёр
Разважанні наконт новых шляхоў творчай рэалізацыі аднойчы прывялі Сяргея Курыленку да высновы, што настаў час пашырыць і сваю працу. Так акрамя акцёрскай прафесіі ён авалодаў і рэжысёрскай. “У пэўны момант я ўсвядоміў, што бачу на сцэне крышку больш, чым іншыя, захацелася гэтым падзяліцца”. А яшчэ менавіта з рэжысёрскай пазіцыі лепш бачны новыя сцежкі для акцёраў і ёсць права іх калегам прапаноўваць. “Як рэжысёр, ты мусіш павесці за сабой, мусіш зрабіць так, каб табе паверылі. З іншага боку, трэба разумець, што і адказнасць павышаецца ў разы – калі прапануеш артысту ісці незнаёмай дарогай, то трэба быць пэўным у тым куды вядзеш, ці не стане эксперымент небяспечнай дарогай у нікуды”.
У спектаклі “Матылёк” (2015) Сяргей Курыленка выступае адразу ў двух ролях – грае палкоўніка Кінчына і працуе ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка (фота drama.grodno.by)
Тут, кажа Сяргей, важна разумець, куды вядзеш. Але нават веданне жаданага выніку не выключае пошуку на шляху да мэты. Тыя самыя “сцежкі” нельга выбраць і абдумаць загадзя – іх кожнаму акцёру прыходзіцца намацваць самастойна. “Як рэжысёр я прапаную артыстам сачыняць разам”. Бываюць у такіх сітуацыях і моманты несупадзення акцёра з рэжысёрам. Але тут, кажа Сяргей, акцёру прыходзіцца падпарадкавацца. Інакш, калі кожны пойдзе сваім шляхам, на сцэне нічога добрага не атрымаецца – героі “не сустрэнуцца” ні паміж сабой, ні з гледачамі.
…і педагог таксама
Папулярнасці Сяргея Курыленкі ў горадзе спрыяла не толькі акцёрская і рэжысёрская дзейнасць, але і вялікая праца ў якасці педагога. Яго заняткі па акцёрскім майстэрстве памятае не адно пакаленне ліцэістаў і студэнтаў, з удзячнасцю ўзгадваюць пра яго дапамогу і артысты тэатра гумару “Канкан”. Пытанне “навошта” ў працы з маладымі людзьмі, большасць з каторых не збіралася звязваць прафесійную дзейнасць з тэатрам, Сяргей сабе не задае. Ён лічыць, што гэтыя намаганні не сыдуць як вада ў пясок.
Найперш такі досвед дапамагае развіццю творчай фантазіі праз “сачыненне” эцюдаў. А уменне “сачыняць” навучыць і творча падыходзіць да ўласнага жыцця – не чакаць, як складзецца, а самому “сачыніць”, шукаць выйсці, а не спадзявацца на міласць лёсу.
Не менш важна, мяркуе Сяргей, што людзі, спрабаваўшы сябе ў якасці акцёра-аматара, пасля інакш глядзяць і прафесійныя спектаклі. Вынікам гэтай працы ён, следам за знакамітым Юозасам Мільцінісам, лічыць падрыхтоўку “выдатных гледачоў”.
“Добры глядач – гэта ўсё для тэатра”
“Добры глядач – гэта ўсё для тэатра, – працягвае разважаць Сяргей, – без яго тэатра ўвогуле не існуе”. Працаваць для гледача, што прыходзіць у тэатр толькі час ад часу, для артыстаў менш прадуктыўна і менш цікава. “Выпадковыя” гледачы прыходзяць у тэатр, як у кіно – даведацца новую гісторыю – і ў гэтым Сяргей бачыць сучасную праблему.
“Людзі зараз выхоўваюцца серыяламі, дзе ўсё прагаворваецца, але нічога не адбываецца. Акцёрам нават эмоцыі там іграць не заўсёды трэба”. Прыкладна такога ж чакаюць зараз і ад тэатра, а калі драматургія хоць троху больш складаная за ўмоўна-серыальную, гэта ўжо выклікае неразуменне, а то і непрыняцце. Але ж тэатр, упэўнены Курыленка, пачынаецца там, дзе можна іграць без слоў: “Тэкст павінен дапамагаць іграць, а не падмяняць ігру сабою”.
Галоўным жа прызначэннем тэатра, як і “высокай” літаратуры ці іншага мастацтва, ён, выбачаючыся “за высакапарнасць”, называе развіццё душы і ўменне назіраць тыя ўнутраныя змены, што адбываюцца з ёй пад уплывам знешніх абставін.
“Гледача трэба выхоўваць, – упэўнены Сяргей, – і добра, калі ёсць побач з падлеткам у школе ці ў сям’і старэйшы чалавек з “досведам тэатральнага гледача”. З боку тэатра адной з удалых спробаў такой “адукацыі” ён ўзгадвае “тэатральныя ўніверсітэты” – сустрэчы-абмеркаванні, што адбываліся адразу пасля спектакляў.
Сустрэча з гледачамі пасля спектакля “Верхнікі з легенд”, дзе Сяргей Курыленка выконваў ролю Свояволіка (1980)
Жывая камунікацыя з героямі дапамагала маладым гледачам інакш ставіцца да тэатра, разумець, што адбываецца на сцэне, усвядоміць, што важны не толькі шэраг падзей, але і ўнутраныя змены, якія адбываюцца з героямі на іх фоне.
“Жыць трэба заўсёды”
Да ўласнага дня нараджэння, кажа Сяргей Курыленка, ніякага асобага стаўлення няма. Адзначаецца гэта дата ў вузкім коле сям’і і найбліжэшых сяброў. Калі на дзень нараджэння выпадае спектакль – то да святкавання далучаюцца і сябры па сцэне.
Што тычыцца ўласных развагаў з нагоды сталасці і ўзросту, то імі Сяргей падзяліўся ў адной з апошніх сваіх рэжысёрскіх прац “Девичник над вечным покоем”: “Я хацеў давесці, што жыць трэба заўсёды, хаця і ведаеш напэўна, чым усё скончыцца, што “ўсё ў зямлю ляжа, усё прахам стане”.
Пытанне жыцця, паводле Сяргея Куріленкі, у тым, каб жыць кожную секунду. Няма розніцы, дзе робіцца выбар – закахаўся чалавек ці абраў прафесію – гэтаму трэба аддавацца напоўніцу. Калі даў Бог яшчэ хоць адзін дзень, то трэба і яго скарыстаць з толкам. Нават адзін дзень кахання гэта лепш, чым цэлы дзень шкадавання аб страце шанца і здарадзе сабе.
Сцэна са спектакля “Девичник над вечным покоем”, рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка (фота drama.grodno.by)
Здымкі з уласнага архіва Сяргея Курыленкі і старонкі drama.grodno.by