Пачынаюцца кастынгі “Міс Гродна 2016”. Пераможца мінулага году расказвае, чаму дзяўчынам варта туды ісці

|

Прагляд дзяўчат на новы конкурс пачынаецца з аўторка, 2 лютага. Удзельнічаць змогуць прыгажуні ад 16 да 24 гадоў.

 

Уладальніца мінулагодняй кароны Вольга Пазнякевiч лічыць, што з дапамогай конкурсу можна пераадолець страх перад сцэнай, а таксама пазнаёміцца з сур’ёзнай камандай прафесіяналаў.


– Для мяне конкурс быў свайго роду бар’ерам па пераадоленні сваіх страхаў. Жыццё ідзе, нам неабходна рухацца ў розных сферах. Я раю паспрабаваць свае сілы перш за ўсё тым дзяўчатам, якія баяцца сцэны і трошкі няўпэўненыя ў сабе. Як толькі вы трапіце ў мітусню падрыхтоўкі і пазнаёміцеся з камандай, вы станеце больш упэўненымі. Не бойцеся паказаць сябе на сцэне, гэта дасць вам мора станоўчых эмоцый і ўражанняў. Усім дзяўчатам Гродна жадаю поспеху! Галоўнае – верце ў сябе і ўсё атрымаецца.

 

Каралева прыгажосці 2015 года зараз праводзіць большую частку свайго часу на працы ў сферы турызму. Глабальных пераменаў у яе жыццi пасля перамогі на конкурсе не адбылося, але яна адзначае, што з’явіліся добрыя знаёмыя і цікавыя прапановы.

 

Па словах прадзюсара конкурсу Ігара Леговіча, фінальнае шоў запланавана на 29 красавіка, як і раней яно пройдзе на вялікай сцэне драмтэатра.

 

Але спачатку ўсе прэтэндэнткі на карону павінны падаць заяўку на ўдзел, запоўніўшы анкету. Затым прыняць удзел у адборачным кастынгу. З агульнай колькасці жадаючых адбяруць толькі 20 дзяўчат, якія прыступяць да працы з рэжысёрам, балетмайстрам і іншымі спецыялістамі для падрыхтоўкі фінальнага шоў.

 

У фінал пройдуць толькі 16 канкурсантак, з якіх журы вызначыць уладальніц узнагарод. А “Міс глядацкіх сімпатый” будуць выбіраць гледачы, якія прыйшлі на фінал конкурсу. Арганізатары абяцаюць яркае і відовішчнае шоў. Паколькі зала драмтэатра месціць толькі 700 гледачоў, прадугледжана стварэнне тэлевізійнай версіі шоў.