У Гродне шматдзетныя сем’і паўгода чакаюць кватэр, чаргу на якія сумленна адстаялі

Усе прэтэндэнты на кватэры – шматдзетныя сем’і ды “ільготнікі-абшчажнікі”, якія жылі па 10 год у гуртожытках – сумленна адстаялі сваю чаргу на сацыяльнае жыллё, але так яго і не атрымалі. Улады папярэдне абяцалі засяліць людзей у жніўні 2015-га, пасля ў лістападзе, пасля – у снежні… Па факце ж дом дагэтуль пусты.

 

 

Афіцыйна тлумачаць, што грошаў на сканчэнне рамонту няма. Але ў Міністэрстве будаўніцтва, напрыклад, людзям распавялі, што быць такога не можа, бо грошы былі выдаткаваныя. Дзе ж тады грошы?.. Агулам патэнцыйныя гаспадары кватэр пісалі ў шэраг інстанцыяў, у тым ліку ў Адміністрацыю Прэзідэнта ды Дзяржкантроль. Зазвычай зварот зноў спускаюць на мясцовы ўзровень.

 

 

– У чарзе мы стаім з 2007 года, з’яўляемся ільготнікамі, бо 10 год пражылі ў інтэрнаце, – распавядае маладая мама Жанна Крывашэева (на фота вышэй), – званілі ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, у Міністэрства фінансаў… Адказу, калі будуць прафінансаваныя дамы – няма.

 

Людзі мяркуюць, што ўлады чакаюць 1 сакавіка, калі набываюць моц новыя правілы ў Жыллёвым Кодэксе, згодна з якімі можна будзе пераглядзець спісы ільготнікаў і “адфільтраваць” частку прэтэндэнтаў на кватэры. Сям’я Жанны, якая зараз жыве ў гуртожытку з агульнай кухняй, акурат падпадае пад гэтую катэгорыю.

 

 

– Хочацца, каб сказалі канкрэтна, а не трымалі народ за дурняў, – працягвае Жанна. – Ці мы атрымліваем, ці не атрымліваем. Таму што мы сядзім і чакаем – як на парахавой бочцы.

 

У падобнай сітуацыі апынулася каля 300 сем’яў, прыкладна па сотні ў кожным доме. Паколькі большасць мае дзяцей, частка ўжо запісаліся ў школы ды дзіцячыя садкі ў Альшанцы. Такім чынам, бацькі ўжо паўгода вымушаныя вазіць дзяцей праз увесь горад, зараз ужо не маючы пэўнасці, ці наогул яны атрымаюць кватэры ў гэтым раёне.