У Гродне з’явілася новая інтэлектуальная гульня MusQuiz

Pub Quiz’ы з’явіліся ў 70-я гады мінулага стагоддзя ў Брытаніі. Папросту кажучы, гэта віктарына ў бары. У Гродне ў 2014 годзе з’явіліся “Мозголомы”, затым “Мозгобойня”, і ўжо восем гульняў правёў PubQuiz. Цяпер і меламаны маюць уласную гульню.

 

 

– А як яшчэ бавіць час у будні дзень, акрамя бара ці кафэ? Інтэлектуальныя гульні заўсёды былі папулярнымі, проста ў нас іх не было. Дарослыя – гэта дзеці, якія выраслі, але хочуць развівацца. Яны могуць прыйсці на гульню і правесці час з карысцю, – тлумачыць папулярнасць квізаў “ідэйны натхняльнік” гульні Ірына.

 

Ідэя стварыць PubQuiz у Ірыны з’явілася яшчэ два гады таму, калі падобныя віктарыны яна праводзіла з дзецьмі ў летніках. Калі з’явілася “Мозгобойня”, яна вырашыла, што надыйшоў час дзейнічаць. Над PubQuiz і MusQuiz працуе шэсць чалавек: вядоўца, фатограф, стваральнік прэзентацый і тры стваральнікі пытанняў – Паша, Насця і Іра.

 

Іра расказала пра правілы Mus Quiz: “Ёсць шэсць тураў з рознай колькасцю пытанняў. Апошні – гэта бліц-тур, дзе можна атрымаць у два разы больш балаў. У камандзе можа быць да дзесяці чалавек”.

 

 

Першы тур гульні – гэта аудыёяазбука, дзе па гуку трэба было запісаць слова. Наступныя – некалькі тэматычных тураў на адгадванне выканаўцы і тур на апазнаванне кліпаў. Адзін з іх – “жывы тур”, дзе музыку граюць на баяне ці на гітары.

 

 

Моладзевы цэнтр “Гродна” змяшчае 44 каманды. На першую гульню MusQuiz прыйшло 33. Стваральнікі лічаць, што гэта поспех: “Шмат хто з гульцоў быў настроены скептычна, але ў выкіну мы атрымалі шмат добрых водгукаў”.

 

– Мараль гульні – не выбірайце сяброў па музычных густах! – жартуе Паша. – Ёсць песні, якія кожны чуе ў маршрутках. А хто іх выконвае, ніхто не цікавіцца.

 

 

Паша, Іра і Насця рэгулярна атрымліваюць добрыя водгукі пра гульні: удзельнікі просяць рабіць іх часцей і паболей. Самі стваральнікі прызнаюцца, што атрымліваюць ад стварання гульні неверагоднае задавальненне. У Pub Quiz ужо з’явіліся свае атрыбуты. Мем на аватары, які змяняецца згодна з тэматыкай гульні, і “гімнм” – песня “Фантазёр”.

 

 

Наступная гульня пройдзе 3-га лютага ў 19.00 ў МЦ “Гродна”. PubQuiz і MusQuiz будуць праходзіць раз на тыдзень, чаргуючыся.