Пачынаецца прыём заявак на юбілейны конкурс “Гарадзенская беларусачка”

Сапраўдная беларуская прыгажосць, гаспадарлівасць, веданне сваіх каранёў і роднай мовы – менавіта гэтымі якасцямі павінны валодаць навучэнкі і студэнткі ўстаноў адукацыі горада, якія возьмуць удзел у конкурсе.

 

Гарадскі фольк-конкурс “Гарадзенская беларусачка” праводзіцца раз у два гады. Яго аднавілі пасля перапынку ў межах рэспубліканскай акцыі “Гродна – культурная сталіца – 2014” з ініцыятывы рэжысёра Цэнтра культуры Гродна Андрэя Чэпялюка.

 

Арганізатарамi юбілейнага конкурсу з’яўляюцца Цэнтр культуры i праект “Жывая гісторыя”. Яны абяцаюць, што юбілейнае мерапрыемства пройдзе ў абсалютна новым фармаце і запомніцца ўсім гледачам толькі добрымі ўражаннямі, а ўдзельніцам – шматлікімі падарункамі.


–  Для ўдзельніц гэта магчымасць праявіць сябе, адкрыць новыя грані таленту ў сумеснай працы з творчай камандай прафесіяналаў, якія любяць тое, што робяць і зацікаўлены ў выніку. Як правіла, беларускамоўная моладзь, якая актыўна цікавіцца духоўнай спадчынай свайго краю, – гэта пэўнае вузкае кола сяброў і знаёмых. Пры дапамозе гэтага конкурсу мы плануем адкрыць гэтую культуру шырокаму колу гледачоў. Акрамя таго, момант спаборніцтва – гэта заўсёды захапляльна. Тым больш, конкурс дастаткова арыгінальны і не мае аналагаў. І калі мы гаворым пра “фольк”, маем на ўвазе стылізацыю і таму абяцаем прадставіць гледачам яскравае сучаснае шоў. Таксама плануюцца сюрпрызы, запрашэнне спецыяльных гасцей… але няхай гэта будзе інтрыгай, – распавёў “Твайму стылю” Андрэй Чэпялюк.

Сярод мэтаў конкурсу: адраджэнне беларускіх нацыянальных традыцый, далучэнне моладзі да нацыянальнай культуры, папулярызацыі беларускай мовы.

 

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца навучэнкі сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і вышэйшых студэнцкіх устаноў адукацыі Гродна. Алё ёсць i абмежаваннi – кожная навучальная ўстанова мае права прадставіць для ўдзелу ў конкурсе толькi адну ўдзельніцу ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў.

 

Абавязковыя патрабаванні: вольнае валоданне беларускай мовай, сцэнічнасць, пачуццё музыкальнага рытму, наяўнасць беларускага нацыянальнага строю, а таксама  магчымасць прымаць удзел у рэпетыцыйным працэсе, які пачынаецца прыкладна за два месяцы да конкурсу.

 

Заяўкі на ўдзел у конкурсе ад навучальных устаноў прадстаўляюцца ў арганізацыйны камітэт на e-mail: andrezche@gmail.com ці адрас: г. Гродна, вул. Паповіча, д. 50, каб. №209. Даведкі па тэлефоне: 68-20-78, факс: 68-20-20, маб. тэл. +375-29-829-46-78.

 

Апошні дзень прыёму заявак – 20 лютага 2016 года.

 

Фота vitvesti.by