Панараму Гродна “ўпрыгожыла” гіганцкая рэклама “Кераміна”

Прадстаўнікі “Кераміна” запэўнілі, што размяшчэнне рэкламы было ўзгоднена з уладамі, у прыватнасці з упраўленнем архітэктуры горада.

 

Але ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гродзенскага гарвыканкама кажуць што дазвол на вывешванне менавіта такіх плакатаў ніхто не даваў. Начальнік упраўлення, галоўны архітэктар горада Генадзь Таламанаў расказаў, што гаворка ішла пра іншыя дазволеныя выявы, але пра такія вялізныя плакаты ніхто не казаў. Ва ўпраўленні паабяцалі разабрацца з сітуацыяй.

 

 

Усяго ў Гродне ёсць дзве відавыя кропкі на гістарычны цэнтр горада. Першая знаходзіцца на вуліцы Дарвіна, другая на Горкага. На думку краязнаўцы Ігара Лапехi, з гэтых кропак павінен адкрывацца від на архітэктуру старога горада, таму ніякіх высотак і яркіх плакатаў быць не можа.

 

 

У свеце, у тым ліку ў нашых суседзей, у гарадах, дзе знешняй рэкламы вельмі шмат, у апошнія гады актывізаваліся галасы за яе абмежаванне. Гэтак, у многіх гарадах Польшчы рэкламныя білборды і плакаты займаюць цэлыя фасады будынкаў, у тым ліку помнікаў архітэктуры. У асобных гарадах мясцовыя ўлады спрабуюць з гэтым змагацца. У свеце былі і радыкальныя прыклады змагання з рэкламай: у свой час у Афінах, напярэдадні алімпіяды, цалкам прыбіралі рэкламу з дахаў, а ў Сан-Паўлу наогул усю рэкламу з горада.