Гарадзенца ледзь не забіла бляхай, якую сарваў з даху вецер

|

Гідраметцэнтр яшчэ ў пачатку тыдня абвясціў штармавое папярэджанне на 2 і 3 лютага. Вецер у гэтыя дні дасягае 20 м/с.

 

Гарадзенцу Аляксандру пашанцавала – двухмятровы кавалак бляхі з даху дома №34 па вуліцы Ажэшкі зваліўся літаральна ў метры ад яго.


– Для мяне ўсё абышлося толькі спалохам. Але такога нельга дапускаць, тут жа людзі ходзяць. Варта было толькі ветру падзьмуць, як бляха тут жа звалілася. Мне пашанцавала, а вось кагосьцi яна можа і жыцця пазбавіць. З гэтым трэба тэрмінова разбірацца!


Бляху вырвала з даху з цвікамі

 

Жылы дом адносіцца да ЖЭС №1, але здарэнне ў іх пакуль ніяк не зарэгістравана. Дыспетчары патлумачылі, што нават калі паступіць званок ад пацярпелых, дахам сёння ніхто не зможа заняцца, бо абвешчана штармавое папярэджанне. Вышкі, якія ёсць у ЖЭСе, не могуць працаваць пры моцных парывах ветру.

 

 

Зараз у горадзе ёсць толькі некалькі будаўнiчых машын з пад’ёмнымi кранамi, якім дазволена працаваць пры моцным ветры. І тое максімальны парыў не павінен быць большым за 14 м/с.