Самыя шчаслівыя палякі жывуць у Беластоку: іх радуе чыстае паветра і зялёны горад

|

96 % жыхароў Беластока задаволены з жыцця ў сваім горадзе, вынікае з дадзеных “Еўрабарометра”. Даследаванне праводзіцца ад імя Еўрапейскай Камісіі. Задача – даследаваць якасць жыцця ў еўрапейскіх гарадах. Фактары, якія прымаюцца пад увагу – якасць інфраструктуры і паслуг, занятасць, інтэграцыя замежнікаў, пачуццё бяспекі, забруджанасць паветра, зялёныя тэрыторыі і чысціня.

 

Беластачане пазітыўна ацаніді спартыўную інфраструктуру і доступ да крамаў, а таксама звярнулі ўвагу на вялікую колькасць зялёнай прасторы і агульную чысціню. У Польшчы апытанне праводзілася, акрамя Беластока, таксама ў Варшаве, Кракаве і Гданьску.

 

Агулам у апытанні прынялі ўдзел жыхары 79 гарадоў з 32 еўрапейскіх краін. Сярод іх на першае месцы паводле якасці жыцця выйшаў Осла, далей Цурых, Аальборг, Вільня і Белфаст.

 

Гэта не адзіны такі рэйтынг, які праводзіцца сярод жыхароў гарадоў. Напрыклад, паводле апублікаваных у пачатку снежня мінулага году выніках даследавання “Сацыяльны дыягназ”, Беласток займае толькі пятае месца ў Польшчы – 68,3% жыхароў задаволеных жыццём. Абагналі нашага суседа Гдыня, Гданьск, Торунь і Кракаў. Аднак у гэтым рэйтынгу іншыя крытэрыі – бярэцца пад увагу, напрыклад, доступ да аховы здароўя, агульны дабрабыт, зарплата, жыллё. Так ці інакш, гэта вельмі высокае месца, беручы пад увагу колькасць гарадоў у Польшчы.

 

На пазітыўныя для Беластока вынікі апытанняў, магчыма, ўплываюць гарадскія інвестыцыі апошніх гадоў: гарадскі стадыён, навукова-тэхналагічны парк, дарогі, а таксама тое, што траціна горада – зялёныя тэрыторыі.

 

Даследаванне “Сацыяльны дыягназ” праводзіцца кожныя тры гады. Папярэдні рэйтынг быў апублікаваны ў 2013 годзе, у параўнанні з ім задавальненне жыхароў горада значна вырасла. Тры гады таму беластачане радаваліся толькі зялёнымі тэрыторыямі і чыстым паветрам.

 

Паводле вынікаў “Еўрабарометра” – задавалненне жыхароў Беластока таксама вырасла – у параўнанні з 2012 годам на 19%. Таксама ў выніках істотную ролю грае чыстае паветра і зялёныя тэрыторыі. На 30% павялічылася колькасць людзей задаволеных з сітуацыі на рынку працы.

 

Добрыя вынікі ў рэйтынгах матывуюць да далейшага развіцця і інвестыцый, а таксама павялічваюць зацікаўленасць горадам, а ў выніку – колькасць гасцей і новых жыхароў.

 

Фота podroze.onet.pl