Гарадзенскія прадпрымальнікі: “Грошы сканчаюцца, працаваць нельга, вяртаецца спекуляцыя…”

|

Размаўляю на рынку “Цэнтральны” са спадаром, які прадае мужчынскую адзежу. Суразмоўца скардзіцца, што няма ніякага гандлю. 

 

— У будзённы дзень наогул амаль ніхто не прыходзіць, прастаіш дзень і нічога не прадасі. А за арэнду трэба плаціць, падаткі трэба плаціць. Даходзіць да таго, што няма за што жыць…

 

 

На рынак амаль штодня прыходзяць прадпрымальнікі, якія не працуюць. Адзін з іх кажа, што па звычцы цягне на працу, дома не ўседзець, таму ногі і вядуць на рынак. Учора ён быў на сустрэчы прадпрымальнікаў са старшынёй гарвыканкаму і мясцовымі чыноўнікамі.

 

— Такое адчуванне, што на абмеркаванне ўказу № 222 накладзена нейкае табу, бо чыноўнікі не хочуць не толькі пра гэта гаварыць, а нават перадаваць нашы прапановы наверх. Сітуацыю нашу яны разумеюць, але самі ніякіх рашэнняў прыняць не могуць. Мы ім прапаноўваем, што няхай указ № 222 існуе для тых, хто можа прадставіць адпаведныя дакументы, а для астатніх трэба прыдумаць іншую схему працы. Але і гэта застаецца толькі размовай, а ніякіх канкрэтных адказаў на гэты конт мы не атрымалі, хоць схема для працы цалкам рэальная.

 

 

А вось яшчэ жанчына, якая таксама была на сустрэчы са старшынёй гарвыканкаму:

 

— Людзі вельмі шмат і шчыра казалі пра свае праблемы, пра тое, што запасы ўжо сканчаюцца і няма за што жыць, працы знайсці таксама немагчыма, становішча безвыходнае, і ўлады павінны на гэта паўплываць. Але ж нам у адказ толькі ківаюць галовамі… Не магу зразумець — каму выгадна, што ў дзяржаўны бюджэт не ідуць падаткі і тысячы людзей страцілі працу і не маюць даходаў…

 

Ейныя словы каментуе іншая прадпрымальніца, ужо пенсійнага веку:

 

— Але як гэта так? Яны ж улада. Няхай мы іх не абіралі, але ўсё роўна чымсці павінны яны тут займацца, нашы праблемы павінны вырашаць. Чаму яны нічога не робяць?..

 

Яшчэ адзін прадпрымальнік, які, у адрозненне ад большасці калег, працуе, кажа: час ад часу на рынак прыходзяць тыя, хто не можа працаваць паводле ўказу № 222, каб прадаць хоць нешта.

 

— Ну вось жанчына распавядала, што ўжо не мае за што дзяцей у школу выпраўляць. Накідвала зверху куртку і хадзіла па рынку, прапаноўвала, каб каму прадаць. А так, канечне, баяцца выходзіць з таварам, бо штрафы сягаюць да 200 базавых, ды і правяраючыя органы тут час ад часу шныпараць.

 

 

Яшчэ адна жанчына дзівіцца, што дзяржава канфіскаваны ў прадпрымальнікаў тавар прадае без аніякіх належных дакументаў у крамах канфіскату.

 

— Нам жа кажуць, што нельга гандляваць таварам без сертыфікатаў, бо гэта можа паўплываць нават на здароўе людзей. А сама дзяржава гэты ж тавар прадае ў крамах канфіскату, і нічога на людзей і на іх здароўе, выходзіць, не ўплывае. Вось дзе абсурд… А цяпер яшчэ з нас будуць рабіць “спекулянтаў”. Ізноў вяртаемся ў савецкія часы…

 

Цікаўлюся ў гандляроў — ці паедуць яны на запланаваны прафсаюзамі прадпрымальнікаў мітынг у Мінску? Але тэма энтузіязму не выклікае. Адзін са спадароў неахвотна кажа:

 

— А што той мітынг дасць на плошчы Бангалор? Туды ж ніхто не ходзіць. Па тэлебачанні яго таксама ніхто не пакажа. Якая карысць ад такіх мітынгаў?

 

Стаю ў крытай зале побач з мяснымі радамі і назіраю ўжо знаёмую карціну: кабета падыходзіць да прадавачкі, прапаноўвае купіць абутак і паказвае яго з прыадкрытай сумкі. Нібы за савецкім часам, калі за “спекуляцыю” быў артыкул у Крымінальным кодэксе.