У Гродне не пакажуць “Дэдпул” – адзін з самых чаканых фільмаў 2016 года. У Вконтакте ужо бушуюць нязгодныя
Усё пачалося з пытання, адрасаванага адміністрацыі кінатэатраў у сацыяльнай сетцы. Гнеўныя каментарыі можна пачытаць ніжэй.
Асноўная прычына негадавання кінааматараў – тое, што стужка ідзе ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. І толькі ў Гродне яе не пакажуць. Зрэшты, падобнае было і з “Дзяўчынай з Даніі”. Мінчукі пабачылі, гарадзенцы – не.
Кінааматары лічаць, што фільм не пойдзе ў пракат праз узроставыя абмежаванні – празмерная жорсткасць стала прычынай, па якой стужцы далі рэйтынг 18+, а без дзяцей сеансы быццам бы не акупяцца. Але ж не менш спрэчныя “50 адценняў шэрага” ішлі ў Гродне паспяхова і ніхто не думаў здымаць стужку з афішы. А зараз замест “Дэдпула” пакажуць пахабную пародыю “50 адценняў чорнага”.
Карыстальнікі Вконтакте зладзілі галасаванне, каб паказаць кіначыноўнікам, што не пускаць у пракат “Дэдпул” – памылка.
Аднак праз сацыяльную сетку адміністрацыя кінатэатраў размаўляць з людзьмі адмаўляецца. Маўляў, звяртайцеся афіцыйна.
На ўсялякі выпадак гарадзенцы склалі петыцыю на change.org.
“Твой стыль” у бліжэйшым часе разбярэцца з сітуацыяй. Пакуль толькі нагадаем, што гэта далёка не першы выпадак, калі чыноўнікаў ад кіно наогул не цікавіць меркаванне гледачоў. Раней пад “забарону” траплялі “надта жорсткія” фільмы Таранціна, Трыера ды іншых знакамітых рэжысёраў.
Даведка
“Дэдпул” – персанаж амерыканскіх коміксаў, антыгерой, вядомы сваім чорным гумарам.