Карупцыя, грошы, алкаголь і антысанітарыя – правілы жыцця гарадзенскай турмы

Гарадзенская турма паўстала на досвітку ХІХ ст., калі губернатар Кошалеў перадаў будынак былога езуіцкага калегіума пад гарадскі астрог. Адсюль вядзе свой адлік турэмны замак, які так з таго часу ані разу і не спыніў працы.

 

Але што мы ведам пра гарадзенскую турму 100 ці 200 год таму? Шэраг цікавостак выцягнуў з-пад архіўнага пылу гісторык і даследчык крыміналнага свету ХІХ ст. Алесь Радзюк (на фота ніжэй). Ён расказаў пра іх 4 лютага на тэматычнай лекцыі ў галерэі “Крыга”.

Фота Вольгі Мілавай

 

 

“Скованые одной цепью”

 

Асноўны тып злачынцаў да сярэдзіны ХІХ ст. – перасыльныя. Гарадзенская турма была важным цэнтрам перад далейшай высылкай у Сібір. Тут была кузня, бо прыбывалі зняволеныя ў ручных ці нажных кайданах. Майстар іх на ноч раскоўваў, а пасля адпачынку – начнога ці дзённага – партыю зноў закоўвалі і адпраўлялі далей. Раз на тыдзень гарадзенцы маглі назіраць працэсію скаваных вязняў, якія ішлі галоўнымі вуліцамі горада…

 

Тэст “Твайго стылю”: Хто вы са знакамітых вязняў гарадзенскай турмы?

 

Аскетызм і блыхі

 

Тут былі як адзіночкі, так і агульныя камеры. Адзіночкі – гэта фактычна ранейшыя келлі, якія засталіся ад кляштара. Ложак, стол, стул і шыба, да якой нельга было дацягнуцца, аскетычны інтэр’ер. Дарэчы, зняволеным катэгарычна забаранялася мець пры сабе пісьмовыя прыналежнасці. У дадатак да гэтага – армія насякомых… Брытанец Андэрсан, затрыманы пасля паўстання 1863 году, не мог заснуць ад неймавернай колкасці блых.

 

Жыды асобна, дваране асобна

 

Паколькі Расейская імперыя была дзяржавай саслоўнай, камеры для кожнага саслоўя таксама былі свае: асобна жыдоўскія, асобна дваранскія… Дваране, напрыклад, самі нічога не мылі, печ не тапілі. Калі шляхціца змушалі калоць дровы, ён падымаў скандал, даходзячы са скаргамі ледзьве не да імператара. Дваранскі паёк таксама быў лепшы, чым у чэрні.

 

Топ-7 палітвязняў гарадзенскай турмы

 

Хлеб усяму галава

 

Да 1838 году існаваў цікавы парадак харчавання: грошы выдаваліся вязням на рукі. Ежу куплялі праз падрадчыкаў, пазней пачалі закупаць цэнтралізавана. Асноўны прадукт на працягу ХІХ ст. – хлеб, два з паловай фунты на вязня ў дзень (фунт – 400 г). Калі на вязня прыпадала, напрыклад, 12 капеек, то 9 з іх ішло на хлеб. На 3 капейкі можна было браць “прыварак” – бульбу, буракі, капусту. Па пятніцах – селядзец, адзін на 10 чалавек.

 

Турма ў 1860-х на малюнку Напалеона Орды

 

Кан’як і апельсіны

 

З іншага боку, калі чалавек меў грошы, яму не забаранялася закупацца на волі. Напрыклад, вязень Аляксандр Акіньчыц згадвае, што яму дастаўлялі апельсіны. А за дзень да адпраўкі ў Сібір прывезлі бутэльку каньяку, каб адзначыць падзею.

 

Чацвертаваны ксёндз, рытуальнае забойства і чыноўнікі-злодзеі: самыя гучныя крымінальныя справы ў гісторыі Гродна

 

Карупцыя і “турэмны кубак”

 

Грошай не хапала таксама таму, што турэмная адміністрацыя крала. У 1865-м быў выкрыты начальнік турмы Маслаў, які краў бялізну ды прысвойваў сабе грошы, вылучаныя на вязняў. Адміністрацыя ўвесь час была зацікаўленая, каб зняць нагрузку на ўтрыманне вязняў з гарадскога бюджэту і знайсці іншыя крыніцы. Дзеля гэтага быў створаны “Попечительский комитет”, які збіраў на турму ахвяраванні, а каля турмы стаяў драўляны “турэмны кубак”, у які гараджане маглі кідаць грошы арыштантам.

 

Фотафакт: У Гродне адкрыўся музей турэмнага побыту

 

“Хачу ў турму!”

 

Парадаксальна, але людзі часам самі прасіліся ў турму. Калі кармілец трапляў за краты, яго сям’я заставалася без сродкаў для існавання. Ёсць сотні дакументаў, якія сведчаць, як сем’і самі просяцца ў турму, на “казённыя харчы”. Часам, іх сапраўды прымалі – амаль як жонак дзекабрыстаў, але, канешне, з іншай матывацыяй…


Працоўная кніжка і “вавёркі ў коле”

 

Гарадзенскія вязні мялі вуліцы, пілавалі дрэвы, працавалі на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага і г.д. Быў нават фантастычны план збудаваць унутры астрогу агромністае кола, якое ў рух прыводзілі б вязні, як “вавёркі ў коле”. Ідэя чамусьці не прыжылася… Кожны зняволены, дарэчы, меў працоўную кніжку. Палова грошай, якія ён зарабляў, ішла на харчаванне, іншую палову ён атрымліваў па вызваленні.

 

Шынок у адной з камер

 

На пачатку ХІХ ст. зняволены мог папрасіцца і за нейкую капейчыну выйсці ў горад па сваіх справах. Цікавы выпадак быў занатаваны ў 1817 годзе, калі ў час праверкі высветлілася, што адсутнічае ледзьве не палова вязняў: усе іўдзеі. Аказалася, што іх усіх распусцілі па хатах з-за нейкага рэлігійнага свята. У 1822 годзе было яшчэ цікавей: пракурор у час візіту выявіў, што і наглядчыкі, і вязні з большага п’яныя, а ў адной з камер працуе… шынок. Але ўжо ў канцы ХІХ ст., калі ты піў гарбату ў няслушны час, то мог трапіць у ізалятар.

 

Таямнічая кашка

 

У 1816 годзе вязні-іўдзеі прыгатавалі кашу, пасля спажывання якой каравул у поўным складзе “вырубіўся”. Аказалася, што ў кашку была падмяшаная беліна, якую вязні нарвалі па дарозе да Нёману, калі хадзілі за вадой. Самае цікавае, што сітуацыяй скарысталіся толькі вязні-хрысціяне, якія паўцякалі. Яўрэі засталіся па камерах. Выпадак так і не быў расследаваны, але, верагодна, мела месца замова, якую выканалі іўдзеі.

 

Першае фота – Леанід Шчаглоў, Белта