“ЧаВо” з Вішняўцом? “Лішнія соткі” наўрад ці застануцца гаспадарам, тыя гатовы ісці ў суд
Сустрэча жыхароў вуліц Вішнявец і Стралковай з прадстаўнікамі гарвыканкама ў межах грамадскіх слуханняў па праектупланавання ўшчыльнення забудовы раёна
У адным з такіх часта задаваных пытанняў жыхары цікавяцца, якія падставы спынення іх права на прыватную ўласнасць ці на пажыццёвае карыстанне і перадачу ў спадчыну ўчасткаў, раней законна атрыманых. Яны аргументуюць сваю нязгоду артыкулам 74 Кодэкса аб зямлі, у якім гарантавана, што змены меж адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак не павінна прыводзіць да змены ці прыпынення правоў на зямельныя ўчасткі, на каторыя раней былі выдадзены дакументы.
У адказе пазначана, што праект ушчыльнення не з’яўляецца дакументам, на падставе якога змяняюцца межы тэрытарыяльных адзінак, таму ўлады лічаць неабгрунтаваным у гэтым выпадку прымяняць вышэйзгаданы артыкул.
Генадзь Таламанаў, галоўны архітэктар Гродна, адказвае на пытанні ўласнікаў участкаў на Вішняўцы
Аднак, калі ставіцца пытанне, што пры далучэнні вёскі да горада (што ёсць зменай меж тых самых адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак) жыхарам абяцалі захаваць іх участкі, то ў адказе чыноўнікі спасылаюцца на тое, што ў пратаколе схода такая інфармацыя не зафіксавана.
У сваіх зваротах жыхары Вішняўца выказваюць нязгоду з памерамі наноў запраектаваных ўчасткаў і прапануюць пакінуць іх такімі як былі: па 25 ці 15 сотак.
У адказе на гэта пытанне камісія тлумачыць, што “згодна з часткай першай артыкула 36 Кодэкса аб зямлі, памер зямельнага ўчастка, што прадастаўляецца ў прыватную ўласнасць ці пажыццёвае ўладанне з правам перадачы ў спадчыну … устанаўліваецца ў гарадах ад 0,05 да 0,15 га ўключна”. Далей ідзе ўдакладненне – той самы артыкул указвае, што “Канкрэтны памер зямельнага ўчастка … устанаўліваюцца Дзяржаўным органам, што прадастаўляе ўчастак … волевыяўленнем асобы, каторай ён прадастаўлены … а таксама з улікам горадабудаўнічых рэгламентаў, прыродаахоўных патрабаванняў, супрацьпажарных, будаўнічых і іншых норм і правіл”.
Пад час сустрэчы ў межах грамадскага абмеркавання жыхары раёна знаёмяцца з праектам ушчыльнення забудовы
“Магчымасць дыялогу, закладзеная такім чынам у кодэкс аб зямлі, рэалізуецца праз грамадскія слуханні”, – патлумачылі ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама. Таму і ў склад камісіі, што разглядае праект пасля слуханняў, уключаны прадстаўнікі жыхароў вуліц Вішнявец і Стралковай.
“У генеральным плане горада тэрыторыі, што зараз абмяркоўваюцца, былі пазначаны як тыя, дзе захаваецца сядзібная забудова, – тлумачыць Вольга Барэйка, начальнік аддзела рэалізацыі генеральнга плана ўпраўлення архітэктуры, – аднак тое, якім чынам яна будзе захоўвацца, раней не абмяркоўвалася”. Праект дэтальнага планавання, з яе словаў, распрацоўваецца і праходзіць усе неабходныя стадыі і працэдуры ўзгаднення менавіта зараз.
Ініцыятыўная група ў складзе Л.В Шкураценка, В.І Ялашэўскага і А.А. Ярашэвіч, што ад імя жыхароў брала ўдзел у паседжанні выканкама, выказала нязгоду з новым праектам. Іх асобае меркаванне і намер абскарджваць рашэнне гарвыканкама ў судовым парадку зафіксаваны ў пратаколе паседжання.
Пазнаёміцца з матэр’яламі праекта і вынікамі грамадскага абмеркавання можна тут.
Здымкі аўтаркі