Адчуць беларускую паэзію праз кітайскі жывапіс: у ГрДУ працуе незвычайная выстава пра Янку Купалу
Беларуская паэтычная спадчына не ўпершыню натхніла мастачку, якая працуе ў стылістыцы традыцыйнага кітайскага жывапісу: летась адбылася выстава “І спее колас залаты”, прысвечаная Якубу Коласу.
Выстава, што зараз экспануецца ў Гродне, арганізавана музеем Янкі Купалы. У Мінску пабачыць яе можна было ў студзені, а пасля Гродна цэлы год яна будзе дэманстравацца ў іншых гарадах краіны.
Кітайская тэхніка дапамагае быць яшчэ большай патрыёткай
Хаця на першы погляд падаецца, што цяжка знайсці нешта агульнае паміж кітайскім жывапісам і беларускай паэзіяй, Марына ўпэўнена, што гэта не так. Кажа, што нават калі малюе традыцыйныя для Кітаю кветкі ці пейзажы з пагоркамі і соснамі, адчувае моцнае падабенства да Беларусі – як знешніх контураў, так і настрою. Медытатыўнасць і павольнасць, характэрныя для кітайскай філасофіі, таксама сугучныя са светаадчуваннем беларусаў, іх спакоем і разважнасцю.
Адзін з малюнкаў Марыны Эльяшэвіч з галерэі мастачкі на персанальным сайце
Мастачка падкрэслівае, што выкарыстанне кітайскай тэхнікі нават дапамагае ёй быць яшчэ большай патрыёткай, больш глыбока адчуваць сувязь з радзімай, родным горадам і сям’ёй. З усмешкай яна ўзгадвае, што калі ў час чарговага вяртання з замежжа ў ілюмінатары самалёта з’яўляюцца беларусікія краявіды, то кожны раз ўсплываюць з памяці вершаваныя радкі Канстанцыі Буйло: “Люблю наш край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла…”. Менавіта Гродна, “горад творцаў і каралёў”, стаў для яе месцам творчасці – большасць малюнкаў паўстала тут.
Выставу зразумеюць і ў Кітаі
Тэма сёлетняй выставы – непадуладнае часу каханне, тонкасць яго адчування і кранальнасць эмоцый – па словах мастачкі велькі адпавядаюць філасофіі і практыцы кітайскага жывапісу. Выкарыстанне тушы, мінеральных фарбаў і рысавай паперы патрабуюць пільнасці і засяроджанасці. Літаральна некалькі дотыкаў пэндзля да паперы ўжо ствараюць карціну. І тут, як у жыцці, няма шанцу, каб пасля нешта выправіць ці перарабіць.
Менавіта гэтыя характэрныя для кітайскага жывапісу рысы, як найлепш дапамогуць беларусам па-новаму зірнуць на творчасць знакамітага паэта, перадаць лёгкасць і лірычны палёт паэзіі Купалы, акцэнтаваць увагу на лаканізме яго выяўленчай мовы, шматзначнасці і глыбіні яго паэтычных вобразаў, лічыць Марына.
Выставу зразумеюць таксама ў Кітаі, упэўненая мастачка, бо саюз двух сэрцаў, што кахаюць, дапамагае людзям перажываць жыццёвыя цяжкасці ва ўсіх часцінах свету. Партрэты і пейзажныя матывы Купалы – родная прырода, берагі рэк, палі, лясы, букеты кветак – будуць зразумелыя гледачам любой краіны без дадатковых тлумачэнняў.
Купалу перакладала ўсё кітайскае пасольства
Тое, што суаўтарам беларускай мастачкі ў стварэнні выставы стаў кітайскі дыпламат, падкрэслівае і міжнароднае значэнне праекта, і тую каштоўнасць, што прызнаюць за ім з кітайскага боку. Чжан Хунвэй, першы сакратар пасольства Кітая ў Беларусі, прызнаны майстар каліграфіі, пераклаў на кітайскую і напісаў вершаваныя радкі побач з малюнкамі, каб кітайская публіка магла не толькі адчуць настрой лірыкі беларускага паэта, але і пачуць яго словы. Марына ўзгадвае, што калегі вельмі адказна падышлі да справы – перакладалі і шліфавалі тэкст ледзь не ўсім складам кітайскага пасольства.
Выставу можна прысвяціць кожнаму радку Купалы
20 вершаў, што ляглі ў аснову малюнкаў выставы, Марына выбірала з лірычных твораў паэта, прысвечаных жанчыне і каханню. Праца над праектам доўжылася толькі паўгода, і маляванне заняло ў ім не самы працяглы тэрмін. Шмат часу аўтарка прысвяціла працы з архіўнымі дакументамі, вывучэнню фактаў з жыцця Купалы і яго жонкі. Перачытваючы купалаўскую лірыку, узгадвае Марына, кожны раз адкрывала для сябе новыя адценні пачуццяў, новыя ўвасабленні перажыванняў і эмоцый паэта.
Зусім не лёгка было абмежавацца толькі 20 творамі. Ды і пазней, калі вершы і нават строфы для ілюстрацыі былі абраныя, творчы пошук не спыніўся. Нават зараз, кажа Марына, узгадваючы тыя самыя вершы, ужо ўяўляю сабе зусім іншыя карціны. Уласна падобную выставу можна прысвяціць нават не толькі кожнаму вершу беларускага песняра, але і кожнаму асобнаму яго паэтычнаму радку.
Марына вельмі радая, што ў Гродне выстава арганізавана ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Тут калісці вучыліся многія з сяброў мастачкі, а таксама яе мама, Тамара Сасіна.
Мастачка разам з мамай, Тамарай Сасінай, пад час адкрыцця выставы ў Гродне
Мастацтва там, дзе людзі “жывуць і дыхаюць”
Галерэя Universum у ГрДУ, дзе праходзіць выстава, гэта частка фае другога паверху галоўнага корпуса. Мастачка такое размяшчэнне малюнкаў лічыць вельмі правільным і карысным. Гэта дапамагае зрабіць мастацтва часткаю жыцця людзей, упісаць у кантэкст штодзённасці і такім чынам пабольшыць яго ўплыў.
“На выставу ў галерэю трэба спецыяльна выбрацца, і добра, калі яе наведаюць адзін раз. А тут цэлы тыдзень гледачы будуць бачыць мастацкія творы – некага з той бясконцай плыні людзей, што ідуць праз фае, пэўны вобраз зачэпіць, прымусіць спыніцца ці задумацца”. У такіх месцах, дзе заўжды ёсць людзі, дзе яны “жывуць і дыхаюць” – на вуліцах, у гарадскім асяроддзі – і варта, паводле аўтаркі, размяшчаць творы мастацтва, а не замыкаць іх толькі ў сценах галерэй ці музеяў.
Стварэнне выставы, кажа Марына, гэта справа не толькі тых аўтараў, што пазначаны на фішы. Гэта вынік падтрымкі і дапамогі многіх людзей – сяброў, калег і блізкіх, што былі побач і спрыялі працы. З асобай цеплынёй Марына ўзгадвае дырэктарку музея Купалы Алену Ляшковіч, што прапанавала ёй ідэю праекта, усходазнаўцу прафесара Яўгена Шунейку, а ў сувязі з паказам выставы ў Гродне – Людмілу Сераду, загадчыцу “Кабінета Канфуцыя” з універсітэта імя Купалы.
Наведаць выставу можна да 23 лютага.
Здымкі Таццяны Сілкавай