У Мінску адкрываецца ўнікальная выстава Льва Бакста і яго сучаснікаў. Яна можа праехаць міма Гродна

|

Выстава “Час і творчасць Льва Бакста”, прымеркаваная да 150-годдзя мастака, пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску з 10 лютага да 17 красавіка 2016 года. На ёй можна будзе пабачыць працы не толькі самога Бакста, але і яго сучаснікаў: Бенуа, Дабружынскага, Както, Кустодзіева, Пятрова-Водкіна, Рушчыца, Рэрыха, Сярова, Чурлёніса ды іншых.

 

Экспанаты паходзяць з прыватных, карпаратыўных і музейных калекцый з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі і Польшчы. Усяго дэманструецца каля 200 прац, у тым ліку 40 аўтарства Бакста. Яны выкананы ў самых розных жанрах і тэхніках: ад жывапісу і графікі – да тэатральных эскізаў.

 

Ураджэнец Гродна Леон Бакст – адзін з самых дарагіх тэатральных мастакоў у свеце

 

Асаблівую каштоўнасць для гарадзенцаў маюць таксама 12 бясцэнных арыгіналаў акварэляў Напалеона Орды з відамі Гродна другой паловы ХІХ стагоддзя – такім горад бачыў Бакст, які тут нарадзіўся ў 1866 годзе. Акварэлі для выставы прадставіў Нацыянальны музей у Кракаве.

 

Пасля Мінска выстава паедзе ў Вільню і Рыгу, а скончыць турнэ павінна ў Гродне. Аднак, старшыня праўлення “Белгазпрамбанка”, які яе арганізуе, Віктар Бабарыка, не ўпэўнены, ці будзе экспазіцыя цікавая гарадзенцам.

 

“Што тычыцца Гродна, то скажу шчыра, мы сур’ёзна пра гэта думаем. Таму што папярэдні праект, які мы рабілі ў гэтым горадзе – выстава прац ураджэнцаў Гродна – цікавасці не выклікаў. Адпаведна, мы сур’ёзна думаем, ці патрэбна гэта Гродна”, – сказаў Бабарыка выданню Sputnik Беларусь.

 

2016 год па ініцыятыве ЮНЭСКА абвешчаны “Годам Бакста”. Гродна пакуль што ёсць у спісе гарадоў, куды завітае выстава, але са словаў прадстаўніка банка атрымліваецца, што ўсё яшчэ можа змяніцца не на карысць гарадзенцаў.

 

Фота Віктара Талочкі, Sputnik Беларусь