Памятную шыльду доктару Заменгофу вярнулі на дом па вуліцы Кірава
Шыльду на доме па вуліцы Кірава 5 павесілі ў другой палове 1980-х па ініцыятыве актывістаў гродзенскага таварыства эсперантыстаў “Надзея”, якое было вельмі актыўным у горадзе ў канцы ХХ стагоддзя.
У 2005 годзе, калі будынак быў ужо ў аварыйным стане, шыльду знялі. Раней дом шмат год быў інтэрнатам, а пасля адсялення пачаў блуканне па прыватных руках, некалькі разоў прадаваўся на аўкцыёне, у рэшце дачакаўся рэстаўрацыі.
Прыватны ўласнік, нягледзячы на вельмі дрэнны стан будынка, змог вярнуць яго да жыцця, захаваўшы сцены, аднак цалкам замяніўшы згніўшыя драўляныя перакрыцці. У доме маюць размясціцца крамы і офісы.
2006 г
Ураджэнец Беластока Людвіг (Лазар) Заменгоф – сусветнавядомая асоба. У канцы ХІХ ст. ён стварыў штучную мову – эсперанта (у перакладзе – “надзея”), пашырэнне якой павінна было гарантаваць людзям большае разуменне і талерантнасць у адносінах адзін да другога. Эсперантысты былі перакананымі пацыфістамі і прыхільнікамі ўсеагульнага раззбраення, за што іх рэпрэсавалі і фашысты, і камуністы.
У Гродне і ваколіцах у міжваенныя гады найбольш вядомымі эсперантыстамі былі беларускія паэты Піліп Пястрак, які вёў перапіску на эсперанта з размешчанай недалёка ад дома Заменгофа гродзенскай турмы, а таксама скідзельскі беларус Пётра Сяўрук, які перапісваўся на мове эсперанта са многімі эсперантыстамі свету.
Сёння асоба Заменгофа малавядомая ў Гродне, а вось Беласток раскруціўся дзякуючы свайму знакамітаму ўраджэнцу. Некалькі гадоў таму ў Беластоку прайшоў сусветны фестываль эсперантыстаў, які праводзіцца раз на два гады. Лічыцца, што па ўсім свеце на эсперанта гавораць некалькі дзясяткаў мільёнаў людзей.
Жыццё і дзейнасць Заменгофа ў Гродне ўсебакова даследаваў гродзенскі гісторык, кандыдат гістарычных навук Фёдар Ігнатовіч.