Тата першай сёлета тройні прымае віншаванні і… раскрывае злачынствы

|

Мама першай сёлетняй тройні, Вольга Варабей з дзеткамі – Макарам, Мікітам і Арынай, фота grodnonews.by

 

Зараз, пакуль матуля траіх немаўлятак асвойвае новыя для сябе абавязкі яшчэ пад наглядам медыкаў, малады бацька займаецца штодзеннай працай. Маёр юстыцыі Андрэй Варабей спецыялізуецца ў дактыласкапічных даследаваннях.

 

Толькі ў 2015 годзе маёр Варабей склаў каля 700 дактакарт

 

Гэтымі днямі працаваць стала складаней, прызнаецца Андрэй, бо перапаўняюць пачуцці і эмоцыі, а ўсе думкі – пра жонку, дзетак і тое, як зараз найлепш уладкаваць іх побыт. Ды і сябры са знаёмымі звоняць амаль няспынна. Адныя – каб адразу павіншаваць, іншыя, каб спачатку асабіста запэўніцца, што пра папаўненне менавіта ў гэтай сям’і расказалі ў навінах. Для калег па працы гэта таксама значная падзея. Да таго, як у сям’і Андрэя з’явіліся трайняткі, шматдзетным бацькам з трыма сынамі тут быў толькі начальнік – падпадкоўнік юстыцыі Сяргей Камінскі.

 

Першыя 100 падгузнікаў ужо пайшлі 


Пакуль малады тата бачыў дзетак на ўласныя вочы толькі раз і нават на рукі іх узяць не дазволілі, але першыя ўражанні ад бацькоўскай ролі Андрэй ужо атрымаў. Расказвае, што на два дні трайняткам патрабуецца больш паўсотні (!) падгузнікаў, а ён пасля працы займаецца “нарыхтоўкай” неабходных дробязей – прысыпкі, крэмы, адмысловы бескантактны тэрмометр, прыстасаванне для ванначкі – далека не поўны пералік яго апошнік набыткаў. Ужо купілі два дзіцячых ложкі – адзін для хлопчыкаў, бо блізняткаў раяць першы час не разлучаць, і асобны для дачушкі. Пазней, як трохі падгадуюцца, асобны ложак будзе ў кожнага. Важнае і пакуль дакладна не вырашанае пытанне – выбар каляскі для трайнятак: з мноства мадэляў “паравозікам”, “трохкутнікам”, ці на розных узроўнях, трэба выбраць такую, каб і дзеткам і даросламу было зручна.

 

Досвед працы з прафесійнымі інструментамі эксперта – магнітнымі парашкамі ці пэндзлямі з далікатнага воласа вавёркі – напэўна прыгадзіцца маладому тату ў даглядзе за немаўлятамі

 

Любоў і Галубы


Пра гісторыю свайго кахання з Воляй Андрэй распавядае вельмі коратка, хаця доўжыцца тая гісторыя ўжо даўно. Андрэй родам з вёскі Галубы Мастоўскага раёна, а Воля з Гродна прыязджала летам да сваёй бабулі ў суседнюю вёску. Так, яшчэ дзецьмі, яны і пазнаёміліся. Пасля, незважаючы на тое, што вучыліся ў розных гарадах (Андрэй – у Акадэміі МУС у Мінску, а Вольга ў Аграрным універсітэце ў Гродне) падтрымлівалі адносіны і ў 2009 годзе вырашылі пажаніцца.

 

Трэці “кіндэр” стаў “сюрпрызам”


Калі Вольга ўжо чакала дзіцятка і на першым ультрагукавым даследванні ім паведамілі, што будзе двойня, то, кажа Андрэй, гэта не здівіла – у родзе жонкі і раней былі блізняткі. Сапраўдным сюрпызам стала пазнейшае даследванне, калі праз пару месяцаў той самы урач “адшукаў” яшчэ адно дзіцятка. Андрэй успамінае, што такіх вялікіх вачэй у жонкі не бачыў ніколі, а словаў у першы момант не маглі знайсці ні ён, ні яна.

 

Трэцяе дзіцятка пры ультрагукавых даследаваннях убачылі не адразу. Але ад увагі бацькі-эксперта дачушка не схаваецца


Курс “маладога бацькі”:  тэорыя – анлайн,  практыка – ў курсантскіх нарадах


Што тычыцца падрыхтоўкі да ролі бацькі, то патрэбную інфармацыю шукаў найперш у інтэрнэце, расказвае Андрэй. Чытаў артыкулы пра дагляд за немаўлятамі, сродкі гігіены і асаблівасці рэжыму. Практычная дапамога па хатніх справах яго акурат не палохае. Пад час навучання ў Акадэміі МУС курсанты практычна ўсю працу па абслугоўванню робяць самі. У нарадах яны працуюць ў гардэробе, дапамагаюць кухарам на кухні, прыбіраюць памяшканні, таму зараз, жартуе Андрэй, проста буду дома “заступаць у нарад “ і па чарзе і па-за чаргой.

 

Паводле калег, карыснымі для маладога бацькі будуць і іншыя навыкі, набытыя пад час навучання і службы – афіцэрам нярэдка даводзіцца працаваць і днём і ўначы, хутка рэагаваць на змены абставін. Яны выпрацоўваюць трываласць да стрэсаў і высокую псіхалагічную ўстойлівасць.

 

“Экспертны” падыход да немаўлятак


У адказ на просьбу паразважаць пра дзетак з пункту гледання эксперта-крыміналіста, Андрэй кажа, што нейкія папярэднія меркаванні пра характар можна зрабіць па ўспамінах уласных бацькоў. Тыя расказвалі, што ён у раннім дзяцінстве быў вельмі спакойным, а вось пра маленькую Волечку сям’я ўспамінае, што гэта ад першых дзен была гарэза і непаседа.

 

Што тычыцца, напрыклад, адбіткаў пальцаў, то тут, мяркуе Андрэй, у хлопчыкаў-блізнятак яны напэўна будуць вельмі падобнымі. Браты і самі вельмі падобныя – тут тата шчыра прызнаўся, што пакуль не ведае, хто з іх Мікіта, а хто Макар. Кажа, што калегі-эксперты жартам раяць “маркіраваць” блізнаткаў звыклым прафесійным спосабам.

 

Калегі-эксперты раяць “маркіраваць” блізнят звыклым прафесійным спосабам

 

У дзяўчынкі-Арыны папілярныя ўзоры будуць ужо значна іншымі, працягвае Андрэй. І хаця пальчыкаў немаўлят ён зблізу не бачуў, у гэтым пытанні яму можна смела давяраць, запэўніваюць калегі – падпалкоўнік юстыцыі Яуген Галубовіч і маёр юстыцыі Аксана Турлюк.  З іх словаў, толькі летась старшы эксперт маёр юстыцыі Андрэй Варабей паставіў на ўлік амаль 700 дактыласкапічных карт, а ў канцы года знойдзеныя і ўмела знятыя ім адбіткі рук на месцы здарэння дапамаглі раскрыць крадзеж і высветліць асобу злачынцы па “гарачых слядах”.

 

Але даследаваць і вывучаць сваіх дзетак Андрэй збіраецца не як эксперт, а як тата – з цеплынёй і любоўю. Штодзеннае жыццё разам раскрые і асаблівасці характару, і індывідуальныя рысы кожнага дзіцяці, пэўны ён, а падтрымка і каханне ў сям’і дапамогуць справіцца з любымі складанымі сітуацыямі.

 

Здымкі аўтаркі