Гарадзенскія прадпрымальнікі не губляюць надзеі і гатовы працягваць перамовы з уладамі

|

Сустрэча, якая праходзіла 11 лютага ў Мінску, прайшла няўдала. Дамоўленасцей па асноўных пытаннях не ўдалося дасягнуць. Пра гэта гарадзенцам паведаміў старшыня савета прадпрымальнікаў “Паўднёвага” рынку Андрэй Шэсцярыкоў.


– Наш сход – не акцыя пратэсту. Мы сабраліся каб давесці прадпрымальнікам вынікі нашай паездкі. Часта многія і не ведаюць, што адбываецца ў вярхах, – адразу зазначыў старшыня. – У Мiнску мы прасілі, каб людзям далі нармальна працаваць. Мы прапаноўвалі, каб уводзілі мараторый на праверкі, але галоўнае – каб пры гэтым людзі працавалі. Каб прадпрымальнікі не неслі адказнасць за выдадзеныя ім сертыфікаты.


Шэсцярыкоў адзначае, што першы дзень перамоваў прайшоў добра. А вось на другі нармальнага дыялогу не атрымалася. У выніку сустрэча нічым канкрэтным не скончылася, лічаць прадстаўнікі Гродна.

 

Як высветлілася пазней, улады гатовыя пайсці на некаторыя саступкі. Неўзабаве будзе створаны праект паправак указу №48, які прадугледжвае спрашчэнне працэдуры прадастаўлення сертыфікатаў кантралюючым органам.

 

Рабочая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі рынку “Паўднёвы” і “Карона”, працуе ўсяго тыдзень і ў Мінску за гэты час была ўжо двойчы. На дасягнутым яны не збіраюцца спыняцца і будуць далей весці перамовы.

 

align=”” width=”725″ height=”544″ > 

Ларыса Цiмашынiна, старшыня савета прадпрымальнікаў рынку “Карона”, на сустрэчы заявіла, што з 3500 прадпрымальнікаў абодвух рынкаў удалося сабраць толькі 300 чалавек.


– Мы усё што можам, то і робім. Вось колькі выходзіць нас на пратэст, такі і вынік атрымліваем.


 

У канцы сустрэчы прагучалі словы падзякі гарадскім уладам, якія дапамаглі гарадзенскай працоўнай групе з транспартам і ў вядзенні перамоваў. Наступная сустрэча гарадзенцаў з уладамі ў Мiнску пройдзе 16 лютага.

 

Зараз на рынку “Паўднёвым” працуе каля 200 прадпрымальнікаў з 1820 зарэгістраваных.