“Важна захаваць жыццё майго дзіцяці”. У Гродне на дабрачынным кірмашы сабралі 30 мільёнаў
У актавай зале царкоўна-прыхадскога комплексу Свята-Пакроўскага сабору сабралося мноства людзей: рамеснікі, фатографы, музыкі, а таксама звычайныя гарадзенцы, якім неабыякавы лёс хворых дзяцей. Яны маглі паўдзельнічаць у аўкцыёне ды набыць эксклюзіўныя вырабы ручной работы і мноства розных падарункавых сертыфікатаў ад партнёраў. За ахвяраванні прадаваліся таксама сувеніры і хатняя выпечка. Дадаткова, дзяцей і дарослых чакала забаўляльная праграма.
Кірмаш быў прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі. У многіх краінах ён сёлета праходзіць пад дэвізам: “Важна захаваць жыццё майго дзіцяці”.
– У Гродне мы прадставілі сем нашых дзяцей. Усе сабраныя грошы перадамо на іх лячэнне, – расказала дырэктарка Гарадзенскага дабрачыннага таварыства Антаніна Масюкевіч.
Быў на кірмашы і архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Ён блаславіў дзяцей i тых, хто прыйшоў iх падтрымаць.
Сабранай на дабрачынным кірмашы сумы, вядома ж, не хопіць, каб адправіць на лячэнне ўсіх дзяцей. Таму збор сродкаў працягваецца штодня. Спіс дзяцей і іх захворванняў ёсць у групе дабрачыннага таварыства ў Вконтакте.