Усё ідзе па плану? “Нёман” прайграў другі таварыскі матч запар

|

Калі параўноўваць з папярэднім паядынкам, які “Нёман” праводзіў супраць “Граніту”, то падапечныя Сяргея Саладоўнікава на матч з “Гарадзеяй” адправіліся ў скарочаным складзе. Частка маладых гульцоў у гэты ж дзень праводзіла таварыскую гульню супраць “Ліды”. Не было і лідэраў – Васілюка, Савасцьянава і Кавалёнка.

Дублёры саступілі ў Лiдзе (0-2) мясцовай  каманде, якую з гэтага года ўзначальвае былы гулец “Нёмана” Віталь Тарашчык. Адзін з мячоў на рахунку экс-гульца гарадзенцаў Андрэя Штыгеля.

На жаль, “аснова” таксама не змагла абыграць свайго суперніка і саступіла з мінімальным лікам 1:0. У Мінску на штучным полі “Нёман” выступаў наступным складам:

Курганскі (Пяцігорац, 46), Лешко (Назаранка, 46), Сасноўскі (к), Пазняк, Анюкевіч, Кавалюк (Забелін, 70), Горбач, Бураеў (Лукашын, 46), Вяргейчык, Бомбель (Сарокін, 65), Канцавы.
Запасныя: Хвалько, Матвееў.

У матчы супраць “Гарадзеі” у складзе жоўта-зялёных дэбютавалі чарговыя гульцы, якія знаходзяцца на праглядзе. Гэта Павел Назаранка, які выступаў раней за “Бярозу-2010”, і Кірыл Вяргейчык, які ў мінулым сезоне гуляў за салігорскі “Шахцёр”.

Чарговая параза ў таварыскім матчы не азначае, што ў “Нёмана” зараз слабая каманда.

 

У абодвух матчах адсутнічаў Раман Васілюк, якога ўжо завочна зрабілі лідэрам гарадзенцаў. Зараз жоўта-зялёныя найграваюць свой склад і глядзяць, дзе і як ім трэба ўмацаваць пазіцыю.

 

Трэнерскі штаб гарадзенцаў абяцае, што ў новым сезоне ў Гродне будзе моцная і баяздольная каманда.

 

Фота: fcneman.by