Праехаць усю Амерыку, каб адчыніць трэнажорку для людзей з інваліднасцю ў Лідзе
Лёс Сашы радыкальна перамяніўся пасля аварыі на матацыкле.
Згубіўшы магчымасць хадзіць хлопец не здаўся і імкнецца жыць напоўніцу. Ён кіруе лідскай філіяй арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў, стварае тэатральныя пастаноўкі, ладзіць розныя сацыяльныя праекты.
Чытай яшчэ:
“Жыццё ў прапанаваных абставінах”. Саша Аўдзевіч расказвае пра падарожжа да Балтыкі на хэндбайку
Некалькі месяцаў таму ён здзейсніў у многім авантурнае, па ўласным прызнанні, падарожжа на хэнд-байку на Балтыку, адолеўшы каля 500 км.
Нядаўна Саша Аўдзевіч здымаўся ў праграме вядомага расійскага журналіста Аляксандра Гардона, які таксама падтрымаў новы праект хлопца з Ліды
Цяпер у Сашы новая мара – праехаць на хэнд-байку Амерыку ад Нью-Ёрка да Сан-Францыска.
З сабой Саша плануе ўзяць свой вазок ды мінімальна неабходныя падарожныя прылады. Начаваць збіраецца ў намёце, мыцца на запраўках ці ў добрых людзей.
Для падарожжа Аўдзевічу не хапае галоўнага – самога хэнд-байка, які каштуе 5 тыс. даляраў.
Для збору грошай Саша распачаў актыўную кампанію, якую ў сацыяльных сетках можна пазнаць па хэштэгу #Белорусианин.
Кампанію актыўна падтрымалі сябры і знаёмыя, а таксама некаторыя вядомыя асобы.
Музыкі з J:MORS таксама выказалі сваю падтрымку праекту
Не застаўся ў баку і галоўны “падарожнік-дылетант” краіны Юры Жыгамонт (зправа)
Дзякуючы гэтаму ўжо ўдалося сабраць 25 з неабходных 100 міліёнаў рублёў.
Саша спадзяецца, што яго падарожжа паспрыяе адкрыццю ў Лідзе сучаснай трэнажорнай залы для людзей з інваліднасцю.
Паслугамі такой залы маглі б скарыстацца каля 200-300 жыхароў Ліды.