Мітрапаліт Кандрусевіч: “Візіт Папы ў Беларусь сёння блізкі як ніколі”

|

Мітрапаліт назваў сустрэчу “світанкам новай эпохі ў каталіцка-праваслаўных адносінах”, цытуе яго catholic.by. Сапраўды, Маскоўскі Патрыярх, які з’яўляецца кіраўніком для агромністай колькасці хрысціян, заставаўся тым праваслаўным іерархам, з якім рымскія пантыфікі не сустракаліся, нягледзячы на актыўныя кантакты з кіраўніцтвам іншых памесных цэркваў.

 

У выніковай сумеснай дэкларацыі Папа і Патрыярх выказаліся аб маральных і геапалітычных праблемах сучаснасці: ганеннях на хрысціян, асабліва на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, адкуль цяпер веруючыя павінны ўцякаць, праблеме бежанцаў, міру, няроўнасці ў свеце, адраджэння веры ва Усходняй Еўропе, абмежаванні рэлігійнай свабоды, абароне жыцця, у тым ліку і ненароджанага, ахове традыцыйнай сям’і і іншых пытаннях. Асобна ўзгадалі канфлікты ва Украіне: як вайсковага характару, так і падзелы паміж мясцовымі цэрквамі.

 

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў, што да такой гістарычнай падзеі рыхтавалася не адно пакаленне вернікаў. “Наш народ і наша пакаленне заслужылі такую ўзнагароду за жыццё ў міры і згодзе на нашай беларускай зямлі вернікаў каталіцкага і праваслаўнага вызнанняў. Нам патрэбна гэтая сустрэча, каб паказаць сучаснаму свету, які ідзе дарогай падзелу, што на пачатку так не было”, – сказаў іерарх.

 

Фота Вадзіма Заміроўскага, catholic.by