Прывабіць боршчыкам, утрымаць катлеткамі: тры гарадзенкі расказваюць пра мужаў-замежнікаў

 

 

Дар’я, замужам за мігрантам са Шры-Ланкі

 

Чым прывабіла – не ведаю

 

Мы пазнаёміліся на гуртку АБФ [Актыўным Быць Файна – шведскі праект па альтэрнатыўным навучанні], калі ён прыйшоў расказаць, як у яго ідуць справы на радзіме – Шры-Ланцы, якая там палітычная і эканамічная сітуацыя, ці ёсць падабенствы з нашай краінай.

 

Ён мяне прывабіў тым, чым можа прывабіць чалавек: харызма, інтэлект, характар, манеры, падабенства інтарэсаў. А вось чым я яго прыбавіла, мне самой цікава, лепш спытаць у яго [смяецца].

 

Прашу вучыць англійскай, а ён халтурыць

 

Непаразумення з-за розных моваў няма. У выпадку чаго мы тлумачым адзін аднаму нешта “на пальцах”. А ўвогуле, мы неяк адразу паразумеліся.

 

Прыколаў шмат. Напрыклад, ён аднойчы сказаў “стракан”. Я дагэтуль з яго смяюся – скрыжаваў “таракана” і “стакан”. Зараз ён размаўляе па-руску даволі добра. Нават беларускія матывы праскокваюць, тыпу “дОбра” і “чаго”. Я яго пастаянна вучу рускай мове. Прашу вучыць мяне англійскай, але ён халтурыць.

 

Хрэн есці не можа

 

Рознасць менталітэтаў мы не адчуваем. Ён, як і я, абсалютна еўрапейскага складу розуму, фанат Брытаніі і аматар сала. У кухні мы таксама сходзімся: ён нічым не адрозніваецца ад аўстрыйца ці паляка. Адзінае, любіць вострае, хаця наш хрэн есці не можа.

 

Не замежнік, а чалавек

 

Я ў адносінах не з замежнікам, а з чалавекам. Нават калі б ён быў з Марса, гэта нічога б не змяніла. Хаця ў тым, што тут няма яго сваякоў, ёсць плюс [смяецца].

 

 

 

Алена, замужам за немцам

 

Прадстаўнік іншага свету

 

Нас пазнаёміла мая сяброўка, якая яго сама ведала толькі некалькі тыдняў. Ён толькі прыехаў на працу з Нямеччыны ў Беларусь. У Гродне меў мала знаёмых, таму быў не супраць пасядзець з намі ў кавярні і пагутарыць. Мне было цікава паразмаўляць з ім, як з прадстаўніком іншай культуры, іншай мовы. Можна сказаць, і іншага свету.  Ён хацеў завесці сяброў. Я была не супраць сяброўства.

 

Пакуль “дайшло”, ён быў ужо ў адчаі

 

На пачатку гэта быў проста знаёмы, потым перайшоў у катэгорыю “сябар”. Ні пра якія блізкія стасункі я не думала. Нават не заўважала яго знакі ўвагі. Раней мы праводзілі час утрох (я, ён і сяброўка, якая нас пазнаёміла). Пазней ён перастаў яе запрашаць з намі. Усе вакол заўважылі яго цікавасць да мяне, акрамя мяне. Як на мужчыну я на яго паглядзела толькі праз тры месяцы, калі ён ужо быў у адчаі. І тут я зразумела, што не хачу яго згубіць.

 

Так атрымалася, што ён заваяўваў маё сэрца, а я не прыклала ніводнага намагання. Калі мы былі яшчэ знаёмымі, ён схітраваў: вельмі хутка пазнаёміўся з маімі бацькамі і даведаўся пра мяне ўсё, што хацеў.

 

Дапамог удасканаліць беларускую

 

Мы размаўляем паміж сабой па-беларуску. Ён валодае беларускай мовай у вышэйшай ступені. Парадокс, але ён мне дапамог удасканаліць маю беларускую, бо на той час я только ішла да яе. Таму непаразумення з-за рознасці моў не было. З нямецкай мовай цяжэй, таму беларуская ў нас дамінуе.

 

Непаразуменні з-за розных культур і менталітэтаў бывалі. Мабыць, з майго боку, бо я не да канца яшчэ зразумела нямецкую культуру і жыццё. А беларускую культуру і жыццё ён ведае і разумее, бо каля дзесяці гадоў пражыў у Беларусі.

 

Кантакт з радзімай – праз Skype

 

Яго кантракт скончыўся летам 2015 года і ён мусіў вярнуцца на радзіму. У яго ўжо была сям’я на Беларусі, таму ён нас забраў з сабой. Мой ад’езд для маіх бацькоў быў балючы, бо выязджала іх унучка. Яны вельмі перажываюць, што не могуць бачыцца. Адзіны паратунак у наш час – Skype.

 

Немцы-бутэрброднікі

 

Адрозненні ў кухнях ёсць. Немцы ядуць шмат хлеба. На сняданак – бутэрброд, на абед – нешта больш шчыльнае, на вячэру зноў бутэрброд. Часам я іх называю “бутэрброднікамі”. Няшмат ядуць супоў. А калі ядуць, то яны вельмі густыя, аж лыжка стаіць. Часта ў нямецкіх супах можна сустрэць сасіскі. Гатуюць шмат соўсаў да ўсяго: да мяса, птушкі, гародніны. Тут упершыню я пакаштавала некаторыя прадукты: спаржу, кальрабі. Сама стала пры гатаванні ежы выкарыстоўваць прадукты, нехарактэрныя для харчовай культуры беларусаў.

 

Авалодаць новай мовай, пазнаёміцца з новай культурай

 

Плюсы адносінаў з замежнікам – авалодванне новай мовай, знаёмства з новай культурай. Акрамя таго, тут, у Нямеччыне, шмат людзей розных нацыянальнасцей, а гэта таксама цікава для мяне. Я наведвала інтэграцыйны курс, дзе былі маладыя людзі з Італіі, Грэцыі, Мексікі, Польшчы, Іарданіі, Афганістына, Ірана, Сірыі.

 

Муж забараняе шмат працаваць

 

Сапраўдны твар мужчыны можна пабачыць толькі ў шлюбе. Мой муж шмат дапамагае па дому і забараняе шмат працаваць. Кажа, каб я пайшла лепш адпачыла, кніжку пачытала.

 

 

Людміла, замужам за амерыканцам

 

[Пажадала не дзяліцца фота]

 

Мы пазнаёміліся ў час маёй навуковай стажыроўкі ў ЗША. Ён працаваў мэнэджарам кнігарні пры ўніверсітэце ў Індыянапалісе. А я шукала і купляла розныя кнігі па міжкультурнай камунікацыі і перакладу.

 

Як прывабіць амерыканца? Баршчом, катлеткамі і пяльмешкамі

 

Мужчына прывабіў прыемнай усмешкай, жаданнем дапамагчы і падабенствам інтарэсаў. Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік. Наша традыцыйная кухня – боршч, салаты з гародніны, катлеткі, каша з грэчкі, квас, пяльмені – аказалася смачнай і любімай. Яму толькі не хапае разнастайнасці нацыянальных кухняў, якіх шмат у Штатах. Ён не любіць нашы заліўныя мясныя ці рыбныя стравы. Для яго жэле можа быць толькі салодкім дэсертам.

 

Руская яму не даецца

 

Ёсць, канешне, моўныя праблемы: не ўсё можна выказаць сродкамі іншай мовы так, каб перадаць усе адценні арыгіналу. А яму руская проста не даецца, у яго складана з мовамі. Даводзіцца мне штодзённа шліфаваць сваю англійскую. Мне пашанцавала, з ім я даведваюся шмат новага ў амерыканскай англійскай.

 

Радзіма цяпер тут

 

Я адчуваю, што часам яго заядае пачуццё настальгіі па амерыканскіх рэаліях, хаця яго радзіма, як ён кажа, цяпер тут, у Беларусі.

 

Праз якіян – далекавата ездзіць у госці

 

У мяне не было мэты з’ехаць у Амерыку назаўсёды, хацелася уму-розуму набрацца і краіну паглядзець. А яму тут спадабалася. Можна ж ездзіць у госці, калі захочацца. Сваякі нашы адрэагавалі нармальна. Толькі ў госці ехаць не хочуць – далёка ехаць праз акіян, яны не прывыклі.

 

Амерыканскі пашпарт і беларускі від на жыхарства – забойная камбінацыя

 

З ім можна больш і прасцей падарожнічаць. З відам на жыхарства ў Беларусі і амерыканскім пашпартам у яго амаль няма візавых праблем.

 

Клапоціцца і не лезе ў душу

 

Амерыканцы могуць часцей казаць пра сваё каханне, калі яно ёсць. Умеюць паклапаціцца і не лезуць у душу.