Самарскія “Крылы” адмовіліся ад набыцця Васілючака
“Брамніка Васiлючака пакуль у “Крылах Саветаў “не будзе і ён не будзе браць удзел у наступным зборы нашай каманды. Цi звернемся мы да яго кандыдатуры летам? Пакуль не магу сказаць“, – распавёў Зураб Цыклаўры для “Р-Спорт”.
Гарадзенец знаходзіўся на двух праглядах у “Крылах Саветаў”, правёўшы адзін з іх у Арабскіх Эміратах. Дзе цяпер апынецца Васiлючак, пакуль не вядома. Але галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў заявіў, што другім брамнікам у яго камандзе Уладзіслаў быць не хоча. Па чутках, агент гарадзенца ўжо шукае яму новы клуб.
У канцы мінулага года па ацэнках сайта transfermarkt.de кошт гарадзенскага галкіпера істотна змяніўся. Футбаліст няважным чынам правёў мінулы сезон, але яго цэннік павысіўся на 100 тысяч долараў. Хутчэй за ўсё – з-за цікавасці расійскай каманды і выступлення гульца на міжнароднай арэне. Зараз кошт Васiлючака – 250 тысяч долараў.
Калі галкіпер пяройдзе ў бліжэйшы час у якую-небудзь каманду, то футбольны “Нёман” зможа атрымаць за гульца толькі невялікую кампенсацыю, бо Васiлючаку няма яшчэ 23 гадоў. А прадаць футбалiста гарадзенская каманда не можа, бо ў галкіпера скончыўся кантракт.
На фота Уладзіслаў – першы злева ў ніжнім шэрагу.