Зацішша ў валейболе, срэбра ў хакеі на траве, параза ад літовак у гандболе – спартыўныя вынікі мінулага тыдня ў Гродне
Баскетбол
Мужчыны
Вар’яцкім па напале барацьбы выдалася супрацьстаянне дзвюх наймацнейшых каманд Чэмпіянату Беларусi, якое праходзіла 12 лютага ў Магілёве. “Гродна 93” на выездзе сустракаўся з “Барысфенам”. Гаспадары пляцоўкі хоць і дазвалялі гасцям лідзіраваць на працягу практычна трох перыядаў сустрэчы, аднак, не дапускалі, каб перавага гарадзенцаў дайшла да зоны недасягальнасці. Ужо ў канцы матчу магілёўцы кінуліся ў пагоню, але перагнаць “93-х” ім так і не ўдалося. “Барысфен” – “Гродна-93” – 94:96.
Дзякуючы перамозе над “Барысфенам” гарадзенцы ўпэўнена замацаваліся на першым месцы ў групе А.
У групе Б, дзе выступаюць баскетбалісты гарадзенскага “Прынёмання”, на жаль, сюрпрызаў не адбылося. У сябе дома, 12 лютага, студэнты буйна саступілі “Віцебску”. Выніковы лiк сустрэчы 62:98.
Жанчыны
Сапраўдная барацьба праходзіць і ў жаночых каманд Гарадзеншчыны. Сустрэчу супраць “Гарызонта” нашыя дзяўчаты з “Алiмпii” пачалі вельмі кепска, саступіўшы ў першай чвэрці з лікам 18-32. Далей, аднак, перавагай завалодалі гаспадыні пляцоўкі, якія ў драматычнай канцоўцы змаглі вырваць перамогу з лікам 81-80.
Барацьбу за першы радок у групе Б вядуць гарадзенскія дзяўчаты з “Вікторыі”. Матч на мінулых выходных яны прапускалі, але ўжо 16 лютага ім прыйдзецца пазмагацца з брэсцкай “Вікторыяй”.
Валейбол
У валейболе прайшоў тыдзень зацішша. Усе каманды згодна з календаром адпачывалі.
Варта нагадаць, што Гарадзеншчына ў першынстве Беларусі прадстаўлена трыма камандамі: у мужчынскім чэмпіянаце, у дывізіёне А – абухоўскі “Легіён”, у дывізіёне Б – “АСДЮШАР”. А ў жаночым чэмпіянаце адзіны прадстаўнік рэгіёна – “Нёман ГрДУ”. Дзяўчаты выступаюць ў мацнейшым дывізіёне.
Гандбол
“Гараднічанка” цяпер праводзіць апошнія гульні ў Балтыйскай Лізе. Матч, які прайшоў 12 лютага ў Гродне, скончыўся разгромным паражэннем гарадзенскіх гандбалістак. Крыўдзіцелем “Гараднічанкі” стала літоўская “Гарлява”. Выніковы лiк 19:32.
У мужчынскім чэмпіянаце Беларусі, прадстаўнік Гарадзеншчыны – “Кронан”, 11 лютага абыграў наваполацкі ГК ім.Лёвіна, з лікам 33:32.
Мініфутбол
Гарадзенскаму “Дынама” атрымалася ўсё ж такі перамагчы пасля працяглай серыі паражэнняў. У матчы супраць бярозаўскага “Нёмана”, гарадзенцы забілі адзін гол, які ў выніку і стаў вырашальным у матчы. Футбалісты “Дынама” зараз замацаваліся ў сярэдзіне турнірнай табліцы і ідуць на 11-м месцы, пры гэта маюць у сваім актыве 18 ачкоў.
Хакей на траве
З 10 па 12 лютага ў ў Мiнску адбыліся гульні 3-га заключнага тура чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве ў закрытых памяшканнях сярод жаночых каманд. Па выніках папярэдніх тураў сталічны клуб быў лідарам турніру, але за чэмпіёнства прыйшлося сур’ёзна пазмагацца. Матч пастаянных супернікаў “Мінска” і гарадзенскага “Рытма” быў перадапошнім ў туры, і ён жа стаў вырашальным. “Рытму” ўдалося абыграць суперніц з лікам 3:1, аднак такі вынік зрабіў як агульную колькасць ачкоў, так і розніцу забітых і прапушчаных мячоў аднолькавай. Пераможцу давялося выяўляць з дапамогай булітаў. Але там “Мінск” быў мацнейшы – 4:3, а значыць абараніў свой леташні чэмпіёнскі тытул. Гарадзенскія дзяўчыны засталіся з срэбрам.