“Хатцы” сто гадоў
Невялікая грамада юнакоў і дзяўчат, пераважна вучняў старэйшых класаў мясцовых гімназій, сабралася ў кватэры ксяндза Францішка Грынкевіча ў касцёле бернардзінцаў. Гаворка ішла пра стварэнне ўласнай арганізацыі, якая б аб’яднала беларускую моладзь і займалася самаасветай. Хутка прыдумалі назву – Гродзенскі гурток беларускай моладзі “Хатка”, абмеркавалі пячатку і абралі праўленне гуртку.
Першым сташынём абралі Адама Бычкоўскага, грамадскага актывіста, драматурга і адваката. Зоська Верас была абраная бібліятэкарам.
Гурток працаваў да 1914 года. Яго сябры стараліся развіваць беларускую свядомасць і годнасць людзей – ладзілі традыцыйныя для таго часу грамадска-культурныя акцыі. На сходах чыталі беларусазнаўчыя рэфераты, ставілі спектаклі на роднай мове, дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, прэзентавалі музычныя праграмы на нацыянальным матэрыяле з удзелам струннага аркестра, хору, салістаў, дуэтаў. Неаднаразова выязджалі са спектаклямі і канцэртамі на вёску, распаўсюджвалі беларускія кнігі. Самых меншых гурткоўцаў вучылі беларускай мове. ГГБМ трымаў сувязі з Вільняй і Пецярбургам.
У 1913 годзе гурток выдаў літаратурны альманах “Колас беларускай нівы” накладам у 50 асобнікаў, які быў напiсаны ад рукi беларускай лацiнкай i адбiты на шапiрографе.
Здымак з kuferak.iatp.by