Жыхары мястэчак і вёсак Гарадзеншчыны: “Дае нам ЖКГ па кішэнях так, што сядзім у халоднай хаце”
Жыхар Слоніма спадар Юры з сям’ёй з чатырох чалавек жыве ў двухпакаёўцы. За студзень усе камунальныя паслугі яму каштавалі 630 тысяч, хаця яшчэ ў мінулым месяцы было 470. Паводле спадара Юрыя, цяпер адчувальныя для сям’і нават кожныя 50 тысяч. Што ўжо казаць, калі адразу плата вырастае амаль на 200 тысяч.
“Заробкі ж нам не падымаюць. А расце не толькі плата за ЖКГ — і ў краме цэны растуць, і за розныя медыцынскія паслугі трэба, дый падаткі новыя прыдумляюць. А я ж не жырую — у мяне машыны няма, не п’ю і не куру, а ўсё роўна не магу нічога адкласці. Гэта добра, калі бабулі яшчэ прыходзяць унукам дапамагчы, а так…”
Спадарыня Аліна са Смаргоні жыве адна ў двухпакаёвай кватэры. За студзень ёй налічылі 609 тысяч толькі па жыроўцы. І гэта без святла, вады, электрычнасці і тэлефона.
“Што яны робяць? Як тут на гэта зарабіць? У нашым гарадку працы няма, заробкі малыя, няма куды нават прычапіцца. У абласных гарадах то яшчэ хоць нейкія аб’явы вісяць, што патрабуюцца на працу, а ў нас жа наагул нідзе нічога. Вось заходзіла на сайт раёнкі, дык знайшла, што патрабуецца медыцынская сястра — заробак 2 мільёны. Людзі абураюцца, але ніхто нас не чуе”.
У Дзятлаве пенсіянеры за трохпакаёвую кватэру па ільготным кошце, улічваючы ацяпленне, газ, электрычнасць, сувязь, яшчэ за снежань плацілі 680 тысяч, а цяпер — амаль 900 тысяч. Спадар Аляксей кажа, што гэта вельмі адчувальна. Тэлефон амаль не змаўкае — суседзі і сябры абмяркоўваюць падаражэнне ЖКГ.
“Ну сапраўды, дзіва дзіўнае — вада падаражэла ў чатыры разы. Няўжо ў нас у Беларусі нестае вады, каб мы такія грошы плацілі? Каб гэта нам так пенсіі пералічвалі, то мы б маглі плаціць, а так забіраюць нават тыя крыхі, што даюць. Жанчыны з суседняга дома выбраліся скардзіцца ў райвыканкам, а ці гэта што-небудзь дасць…”
А вось у вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна спадарыня Таццяна распавядае, што за снежань яшчэ не атрымала заробку. Чым плаціць за кватэру — не ведае. У свой час яна выкупіла кватэру ў калгаса. Плата за камунальныя паслугі склала за студзень 660 тысяч.
“Дае нам ЖКГ па кішэні, не ведаем, чым плаціць. Добра, што ў хаце можна газ зменшыць, то муж увесь час ставіць амаль на нуль, каб хоць не цягнула, сядзім у халоднай хаце. І гэта добра, што дзяцей з намі няма, бо суседка мае двое дзяцей і таксама заробку не атрымала, то сказала, што папросту будзе мець запазычанасць за квартплату, бо не дасць рады аплаціць. А што, калі заробак трохі больш за два мільёны… Вада каштавала за куб — 2 тысячы, а цяпер паднялі да 8 тысяч. І мы тут у вёсцы нічога знайсці не можам. Во, чакаем, каб ужо хутчэй вясна прыйшла ды гароды садзіць. Можа, хоць нешта сваё будзе, то ўжо капейку зэканомім”.
Фота: Віктар Талочка, sputnik.by