“Нёман” абыграў “Дынама”, але суперніка ў плэй-оф яшчэ не даведаўся
Па хакеі засумавалі не толькі заўзятары, але і самі хакеісты – гэта яны паказалі ў матчы ў Маладзечне. Падапечным Мілаша Голаня атрымалася закінуць “Дынама” цэлых шэсць шайб, у гэтым годзе чырвона-чорныя так многа шайб не забівалі.
Сам матч выдаўся цікавым, і ў пачатку хакеісты “Нёмана” паказалі што прыехалі толькі за перамогай. Ужо на першай хвіліне шайбу ў вароты гаспадароў забіў Аляксандр Маляўка. Але праз чатыры хвіліны “Дынама” выраўноўвае лiк. Пасля прапушчанай шайбы, каб адыграцца, гарадзенцам спатрэбілася 22 секунды. Спачатку вызначыўся Мянцюк, а пасля Сцяпанаў.
На 14-й хвіліне Баярчук забівае чацвёртую шайбу ў вароты каманды з Маладзечна. Але на гэтым перыяд не скончыўся, на 18-й хвіліне гаспадары здолелі скараціць адставанне.
Па выніку першы перыяд і быў вырашальным у матчы. У другім гледачы шайб не ўбачылі, хоць момантаў у гарадзенцаў для ўзяцця варот суперніка было дастаткова.
У трэцім перыядзе толькі ў канцоўцы атрымалася гледачам убачыць шайбы. І то дзве апынуліся на рахунку гарадзенскіх хакеістаў. Вызначыліся Крыстэк і Лісічкін, які закінуў у пустыя вароты.
“Дынама-Маладзечна” – “Нёман” 2:6 (2:4, 0:0, 0:2)
Галы:
01.06 0: 1 – А. Маляўка (Крыстэк)
05.15 1: 1 – Аўтаеў (Кляўза, Лапачук, – бол.)
05.38 1: 2 – Мянцюк (Рохтла, Лакконен)
06.00 1: 3 – Сцяпанаў (Маркоўскі, Пульвер)
13.21 1: 4 – Баярчук (Лісічкін, Ягораў)
17.39 2: 4 – Воранаў (Феактыстаў)
57.28 2: 5 – Крыстэк (С. Маляўка)
59.05 2: 6 – Лісічкін (Коршунаў, – мен., п.в.)
Пасля матчу ў Маладзечне галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань пракаментаваў гульню сваёй каманды, а таксама агучыў планы на пэй-оф:
– Заўсёды пасля паўзы не ведаеш, як будзе выглядаць гульня каманды, таму што не было гульнявога тонусу. Вялікі дзякуй гульцам, якія сабраліся на гэты матч. З самага пачатку паказалі добры ўзровень. Забілі прыгожыя галы. Я б нават сказаў, што мы кантралявалі гульню. Так, у суперніка былі моманты, але Макс Саманькоў нас падтрымаў. Вельмі задаволены гульнёй.
Праз тур плэй-оф, чым далей пройдзем, тым лепш для каманды будзе. Плэй-оф – быццам іншая ліга. Усе рыхтуюцца на 120%. Гульні будуць цяжкімі. Фаварытаў не будзе.
Зараз да канца рэгулярнага чэмпіянату застаецца адзін тур, але яшчэ невядома з кім “Нёман” згуляе ў плэй-оф. Усё вырашыцца ў апошнім туры, калі гарадзенцы будуць гуляць з “Металургам”. Матч супраць жлобінскай каманды пройдзе 20 лютага ў Гродне.