Платная паркоўка ў цэнтры Гродна запрацавала ў тэставым рэжыме. З’явіліся і першыя незадаволеныя

|

“Жыхарам бліжэйшых дамоў будзе выдзелена 18 машынамесцаў. Усе астатнія, у тым ліку тыя, што працуюць побач, будуць плаціць за паркоўку”, – распавядае інжынер аддзела тэхнічнага нагляду ЖКГ Сяргей Самцэвіч.

 

Усяго на паркоўцы 86 машынамесцаў. Адна гадзіна стаянкі будзе каштаваць 10 тысяч рублёў. Калі кліент прыехаў на менш чым 15 хвілін, то паркоўка будзе бясплатнай.

 

Для сталых кліентаў ёсць тры віды абанементаў. Гэтак, за 700 тысяч можна зарэзерваваць месца на паркоўцы, якое ў любы час будзе свабодна. Калі паркоўка на Віленскай сябе апраўдае, то новыя платныя месцы будуць вызначаны каля плошчы Тызенгаўза.

 

 

У момант запуску паркоўкі ў тэставым рэжыме да стаянкі падыйшло некалькі незадаволеных чалавек. Гэта былі як жыхары дамоў з вуліц Ажэшкі i Віленскай, так і прадстаўнікі розных устаноў, што працуюць у цэнтры горада.

 

Паркамат на першай у Гродне платнай паркоўцы разбілі вандалы

 

Вольга Астроўская жыве па адрасе Ажэшкі, 14 ужо 11 гадоў. Яна прад’явіла ЖКГ прэтэнзіі з нагоды таго, што паркоўка стварае цяжкасці жыхарам яе дома.

 

 

Мы не супраць платнай паркоўкі, але мы плацім за ўборку і ўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі. Цяпер, каб праехаць на гэтую тэрыторыю, мы павінны заплаціць за паркоўку. Жыхарам абяцаюць бясплатныя месцы, але як быць сваякам і гасцям? За 15 хвілін, якія выдзелены на бясплатнае карыстанне паркоўкай, нерэальна вырашыць нейкія пытанні. Як да нас будуць прыязджаць госці і сваякі, мы зараз не ведаем”.


Жанчына яшчэ раз паўтарыла, што яна і яе суседзі – не супраць паркоўкі ў прынцыпе. Яны хочуць, каб да бліжайшых дамоў быў бесперашкодны праезд для жыхароў і гасцей.

 

Занепакоены таксама Андрэй, супрацоўнік бара “Лондан”:

 

Пацярпелі не толькі жыхары дамоў, але і мы. Прыйдзецца і нам плаціць за стаянку. Больш за ўсё хвалюемся за нашых наведвальнікаў – невядома, як там будзе. Маё меркаванне – гораду не патрэбны такія паркоўкі“.

 

Сяргей Самцэвіч патлумачыў, што сітуацыю з жыхарамі суседніх дамоў гарадскія службы будуць вырашаць, а вось іншым на саступкі не пойдуць. Таксама ён адзначыў, што ўсе атрыманыя грошы з паркоўкі пойдуць у гарадскі бюджэт. Фірма, якая ўсталявала сістэму пропуску і будзе яе абслугоўваць, будзе атрымліваць толькі 10%.

 

 

У сталіцы ўжо пэўны час працуюць падобныя паркоўкі. З дапамогай іх удалося разгрузіць цэнтр горада. Цяпер гасцям Мiнска прасцей знайсці вольнае месца – яны звычайна бываюць на платных паркоўках. Такога ж эфекту чакаюць і гродзенскія ўлады.