Гарадзенскія прадпрымальнікі збіраюцца ў панядзелак на плошчу
У мінулы панядзелак больш за сотню гарадзенскіх прадпрымальнікаў, якія пратэставалі на плошчы Леніна супраць указу №222, абвясцілі, што ў наступны панядзелак збяруцца зноў на тым самым месцы і з тымі ж патрабаваннямі. Да іх маюць далучыцца і тыя прадпрымальнікі, хто мае адпаведныя дакументы на тавар і не прыпыняў працы.
Акцыя прадпрымальнікаў у Гродне: 150 чалавек, сустрэча з мэрам і плакат супраць дыктатуры
Сітуацыя на гарадзенскіх рынках ужо паўтара месяца не змяняецца — працуюць каля дзесяці адсоткаў індывідуальных прадпрымальнікаў. Пакупнікоў таксама адзінкі. Тавару няшмат, выбар малы, прадпрымальнікі без настрою. Спадар Уладзімір на рынку “Цэнтральны” сумна распавядае, што ягонай дзейнасці прыйшоў канец — і гэта нягледзячы на тое, што гандлюе беларускім таварам.
— Ды я ўжо пачаў працу шукаць, праўда, пакуль безвынікова. Тут ніхто нічога не купляе амаль, зарабіць на падаткі і арэнду ўжо не ўдаецца. А тым болей на тое, каб мець абаротныя сродкі. Я пакуль гэта прадам, то на новы тавар грошай не будзе, бо ўсё праядаецца. Мы тут усе ў панядзелак таксама ідзем на плошчу, каб падтрымаць астатніх, бо і наш бізнес завальваецца.
Спадарыня Алена дадае, што нават у выходныя дні ніякага гандлю няма, бо пакупнік стаў зусім неплатаздольны.
— Паглядзіце, тут усе, хто стаіць, імкнуцца папросту распрадаць тавар, каб хоць нейкую капейчыну вярнуць. Па-мойму, людзі змірыліся, што ніякага бізнесу не будзе. Але з іншага боку — што нам рабіць, куды ісці, калі нідзе ніякай працы няма? Нас улада сама выштурхоўвае на плошчу. Ну мы ж не можам застацца ў хаце сядзець, калі хутка не будзе за што выпраўляць дзяцей у школу.
Яшчэ адзін гандляр, спадар Юры кажа, што на плошчу яны пойдуць — але, маўляў, якія з гэтага вынікі, калі выходзіць усяго толькі па сотні людзей, а гэта, паводле яго, на ўладу не ўплывае.
— У сакавіку, думаю, прадпрымальнікі з рынкаў пойдуць здаваць свае дакументы індывідуальнага прадпрымальніка. Справа ў тым, што трэці месяц плаціць падаткі і арэнду і пры гэтым нічога не зарабляць — многім гэта ўжо не пад сілу. Што далей рабіць — ніхто пакуль не ведае…
Іншы прадпрымальнік, спадар Аляксей кажа, што мінулы панядзелак неяк падняў яму настрой, бо хоць і няшмат людзей, але ўсё ж згуртаваліся і голасна заявілі пра свае патрабаванні да ўлады.
— Я ўпэўнены, што ў гэты панядзелак на плошчу прыйдзе больш людзей. Прычым думаю, што падцягнуцца не толькі прадпрымальнікі, а і пенсіянеры, і іншыя людзі. Многіх надта моцна падкасілі апошнія аплаты за камунальныя паслугі, людзі паўсюль абураюцца.
А вось спадарыня Ніна, якая п’е з тэрмаса гарбату і прапаноўвае сваім калегам, кажа, што да яе нават дадому прыходзілі знаёмыя і пыталіся — ці пойдуць прадпрымальнікі на плошчу.
— Трэба, каб акцыя была арганізаваная, а не проста прыйсці і пастаяць, бо інакш улада зробіць ізноў выгляд, што нас няма. Трэба стаяць усё ж да нейкай перамогі, каб з намі лічыліся, размаўлялі, улічвалі нашы патрабаванні. Трэба, каб людзі не баяліся. Але большасць пакуль надта запалоханыя, баяцца ўсяго. А на кухні, вядома, нічога не зменіш.
“Твой стыль” будзе весці трансляцыю з акцыі прадпрымальнікаў. Заходзьце на сайт 22 лютага ў 12.00 і сачыце за падзеямі ў прамым эфіры.