У конкурснай частцы “Басовішча” выступяць два гарадзенскія гурты: .К і M.G.

Праект .К нядаўна перастаў быць one-man-band’ам. Да гітарыста Яўгена Кучмейна далучыўся бубнач – Ігар Волгін, які грае ў гуртах “Демонтаж характера” і “Earworm”. Яны выканалі песні “Беланой”, ”Насенне”, “Анёлам гiмн” і “The rip”.

 

– Выбралі мяне, таму што я музыкант нядрэнны. Рыхтавацца да конкурса буду, але без фанатызму. На “Басовішча” еду перадусім за вопытам, – кажа Яўген.

 

 

У M.G. мэты больш амбіцыйныя – паказаць сябе і перамагчы. Хлопцы з Навагрудка стварылі гурт у 2014 годзе, і тады ж выпусцілі першы альбом “К чорту гарэлку”. Песню, якая дала назву альбому, хлопцы напісалі на верш Ларысы Геніюш. Таксама музыканты лічаць сябе стваральнікамі новага стылю – “бульбатрэшу”.

 

 

– Мы выканалі новы матэрыял, які потым увойдзе ў новы альбом. Думаю, мы нядрэнна адыгралі. Да таго ж, такая музыка падабаецца людзям. Таму нас і выбралі. Да “Басовішча” будзем рыхтавацца і старанна працаваць над новым альбомам, – расказвае вакаліст гурта Уладзь Мазалеўскі.

 

Таксама на “Басовішча” паедуць электронны праект Intelligency і рок-інструменталісты The Glitchhh. “Басовішча-2016” пройдзе 22-23 ліпеня ў Гарадку пад Беластокам ужо ў 27 раз.