Ад сцэнарыя да агучкі: за тры дні гарадзенцы стварылі тры сацыяльныя ролікі супраць гандлю людзьмі
Гандаль людзімі застаецца выклікам для грамадства, хаця і змяніў формы ў параўнанні са знаёмымі з урокаў гісторыі рынкамі рабоў. У наш час прыкметы гандлю людзьмі хаваюцца ў працоўным рабстве, эксплуатацыі людзей для атрымання эканамічнай выгады, сэксуальнай эксплуатацыі, псіхалагічным і фізічным гвалце і пагрозах. Пра гэта распавяла ўдзельнікам Вікторыя Апекунова, юрыст з Мінска, што ў праекце працавала як асістэнтка рэжысёра.
Паводле Вікторыі, праз творчасць можна данесці сацыяльны сэнс гэтай з’явы да грамадства: “На трэнінгу пра магчымасці супрацьдзеяння гандлю людзьмі даведаюцца ўдзельнікі і створаць свае ролікі, якія захочуць паглядзець іх блізкія і знаёмыя. Так праблема зробіцца бачнай для тых, хто, можа, і не задумваўся над ёй раней”.
Пад час здымкаў Валерыі давялося стаць “кіназоркай” – яе здымалі ў трох роліках. Слёзы, патрэбныя ў кадры, даводзілася здабываць з дапамогаю цыбулі і аднаўляць перад кожным дублем
Наша краіна, кажа Вікторыя, і зараз адзначаецца ААН сярод тых, што паспяхова змагаюцца з гандлем людзьмі. Гэтыя вынікі дасягаюцца ў тым ліку дзякуючы такім праектам.
Методыку трэнінгаў, што дазваляюць непрафесіяналам стварыць сацыяльны ролік за тры дні, склаў рэжысёр Андрэй Палупанаў, кіраўнік Мінскай кінашколы і Майстэрні сацыяльнага кіно. “Галоўнае, што ў стварэнні ролікаў мы трымаемся паслядоўнасці, неабхонай для здымкаў любога фільма. Пасля такой практыкі ўдзельнікі разумеюць, як трэба дзейнічаць незалежна ад таго, малы ці вялікі праект задумалі рэалізаваць”.
Андрэй Палупанаў (другі злева) тлумачыць здымачнай групе канцэпцыю стварэння сцэнарыя
Што да кароткага тэрміну, адведзенага на стварэнне роліка, то, паводле Андрэя, “экстрымальная форма дазваляе чалавеку мабілізавацца і выдаць экстраардынарны вынік”. Менавіта таму ўдзельнічаць у праекце цікава і карысна як навічкам, што ні разу не трымалі камеру ў руках, так і тым, хто ўжо мае пэўны досвед у відэавытворчасці. У такіх камандах нараджаюцца арыгінальныя ідэі, ідзе абмен вопытам і актыўная супраца. Вынік, дасягнуты за тры дні сумеснай працы, гэта рэальная дэманстрацыя магчымасці заяўленых мэтаў.
Адна з груп праводзіла здымкі ў падземным пераходзе на Савецкай плошчы
Другая выбрала месцам для здымак адзін з бараў ў цэнтры горада. З улікам халоднага надвор’я – мела рацыю
“Часта людзі не займаюцца тым, да чаго ляжыць душа, таму што баяцца паразы, сумняюцца ва ўласных магчымасцях. А паспрабаваўшы на трэнінгу прайсці ўвесь працэс стварэння фільма ад ідэі да рэалізацыі, атрымліваюць веру ў сябе. Магчыма, пасля трэнінгу нехта вырашыць звязаць жыццё з кіно, здымаць ролікі для свайго бізнесу альбо весці папулярныя зараз відэаблогі”, – разважае рэжысёр.
Удзельнікі таксама засталіся задаволенымі. Студэнт-гісторык Аляксандр кажа, што прышоў на заняткі, каб атрымаць новыя веды ад дасведчанага спецыяліста: “Пад час заняткаў удалося структураваць тэарэтычныя веды і атрымаць добры практычны досвед”.
Яго калега Антон распавёў, што раней здымаў відэа “чыста па-дзіцячаму” – каб пасля самому з сябе пасмяяцца. Зараз, у больш свядомым узросце, відэа цікавіць яго ўжо як інструмент, што дазваляе разважаць і даносіць свае меркаванні да іншых, вырашаючы праз тое праблемы, актуальныя ў грамадстве. “Рабіць гэта з дапамогай толькі тэксту не заўсёды эфектыўна. Праз тэкст праблема можа падавацца банальнай, ці не закранаць асабіста. А вось з дапамогай відэа можна паказаць яе так, каб людзі зразумелі наяўнасць праблемы і важнасць яе вырашэння”.
Раман прышоў на трэнінг, бо з выкарыстаннем сацыяльнага відэа звязана яго праца праграміста. Праўда, да гэтага часу працаваць даводзілася з тэхнічнага боку, а творчы працэс стварэння ролікаў быў яму невядомы: “Усё рабіў упершыню – іграў на камеру, складаў сцэнар, маляваў раскадроўку. Усё вельмі спадабалася і вынікам задаволены”.
Студэнту-юрысту Косцю пад час трэнінгу давялося іграць адразу ў двух роліках: “Мяняць ролі было даволі складана і эмоцыі выражаць не вельмі проста. Дапамог досвед выступаў на сцэне, але раней я ў асноўным спяваў”. Зараз, кажа Косця, пры нагодзе не адмовіўся б і ад здымак у сапраўдным фільме.
Стварэнне раскадроўкі для здымак – наступны крок пасля напісання рэжысёрскага сцэнара і найлепшая дапамога на здымачнай пляцоўцы. Косця малюе кадры аднаго будучага роліка, а здымацца будзе адразу ў двух фільмах
Спачатку “фільм” можа выглядаць вось так. Раскадроўка сцэнара адной са здымачных груп
Андрэй Палупанаў кажа, што непрафесійныя творцы цалкам могуць здымаць: ”Незалежнае кіно – вельмі цікавая і дынамічная з’ява. Зараз сам працэс стварэння відэа робіцца ўсё больш даступным і дэмакратычным. Патэнцыял незалежнага кіно ў Беларусі высокі, а здымаецца пакуль мала. Хацелася б колькасць такіх фільмаў павялічыць”.
“У нас што ні зробіш – будзеш першым”. Максім Жбанкоў пра беларускае кіно, Bulbamoviе і кінаадукацыю
Пабачыць вынікі гарадзенскай кінавытворчасці можна будзе пасля сканчэння цыкла трэнінгаў. Тады, кажа Андрэй Палупанаў, усе адзнятыя ролікі будуць выкладзены на інтэрнэт-пляцоўцы майстэрні сацыяльнага кіно – будзе магчымасць убачыць, як кожны горад прадставіў сябе. “Канечне, параўноўваць фільмы складана, – кажа рэжысёр, – бо аўдыторыі был вельмі розныя. Працавалі са школьнікамі, студэнтамі, ліцэістамі і дарослымі людзьмі. Але гаворка пра параўнанне і не ідзе. Важней у гэтым выпадку убачыць разнастайнасць поглядаў і меркаванняў”.
Паводле Андрэя Палупанава, створаныя пад час трэнінгаў фільмы варта падаваць да ўдзелу ў фестывалях аматарскіх ці сацыяльных ролікаў. Ці – здымаць іншыя відэа для тэматычных фестываляў: ”З досведам, атрыманым пад час навучання, удзельнікі здолеюць стварыць добрыя фільмы”.
Праект, у межах якога арганізаваны шэраг трэнінгаў у 11 гарадах Беларусі, рэалізуецца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па развіццю, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, Міністэрства унутраных справаў Беларусі. Выканаўцам праекта выступае грамадская арганізацыя Майстэрня сацыяльнага кіно. У Гродне праект рэалізаваны з дапамогай Студыі карысных кампетэнцый.
Фота Ірыны Новік, Вольгі Галецкай, Марка Харламава