Каля гарадзенскай сінагогі працуюць будаўнікі: археалагічны нагляд ёсць, але нічога каштоўнага пакуль не знайшлі

Гродзенская сінагога стаіць у гістарычным цэнтры горада, дзе ў час любых будаўнічых прац трэба абавязкова праводзіць археалагічныя даследаванні. Пакуль што каштоўных знаходак тут яшчэ не выяўлена.

 

Складана нешта знайсці, бо капаюць не глыбока. Відаць, што грунт насыпны, яго насыпалі яшчэ за савецкім часам. Гэтак, на глыбіні каля 60 см знайшлі савецкі калодзеж. Таксама з цікавых знаходак можна адзначыць алавянага салдаціка таго ж перыяду“, – распавядае археолаг.

 

 

Наталля Кiзюкевiч лiчыць, што на большай глыбіні знаходзяцца тыя пласты грунту, якія могуць расказаць, як жылі людзі раней у Гродне, дазволяць даведацца больш пра планіроўку горада і многае іншае. Але пакуль аб тых далёкіх часах нагадваюць толькі невялікія элементы керамікі.

 

 

Знаходзяцца і косткі, якія, хутчэй за ўсё, належалі жывёлам. Але археолаг не адмаўляе, што пры больш падрабязным даследваннi тут можна было б натрапіць і на масавае пахаванне часоў Другой сусветнай вайны.

 

 

Барыс Квяткоўскі, старшыня рэлігійнай іўдзейскай абшчыны Гродна, распавядае, што ад вернікаў і ад былых вязняў гета яму ўдалося даведацца, што ў перыяд вайны немцы расстрэльвалі групы людзей менавіта каля сінагогі.

 

Калі з гета ўсіх людзей вывезлі, на тэрыторыі практычна нікога не было, таму і расстрэльвалі не дзесьці ў лесе, а наўпрост каля сінагогі. Расстрэльваць маглі людзей, якія хаваліся ў падвалах, ці людзей, якія іх хавалі. Маглі расстраляць яшчэ як крымінальнікаў, так і палітычных зняволеных. Мне здаецца, такія падзеі маглі быць у асноўным напярэдадні адступлення немцаў“.

 

Некалькі гадоў таму да Барыса Квяткоўскага прыходзіў чалавек, які распавёў, што ён быў у рабочай групе, якая знаходзілася ў Гродне да самага адступлення немцаў. Нацысты не расстрэльвалі гэтых людзей, а трымалі іх у турме. Менавіта пры адступленні гэтая рабочая група займалася чорнай працай, замятаючы ўсе сляды злачынцаў.

 

Барыс Квяткоўскі паказвае месца, дзе, па яго дадзеных, знаходзіцца пахаванне

 

Гэтых людзей, скаваных адным ланцугом, саджалі ў грузавік і вывозілі ў невядомым накірунку, каб яны выкопвалі трупы расстраляных і спальвалі іх. І такое было некалькі разоў. Сведка разумеў, што яго таксама раней ці позней заб’юць, таму ўцёк. Але толькi праз дзясяткі гадоў ён распавёў гэтую гісторыю“.

 

Аб масавым пахаванні распавядаў Барысу Квяткоўскаму і майстар адной з будаўнічых арганізацый горада, якая шэсць гадоў таму пракладала кабель каля сінагогі. Пры земляных працах была знойдзена вялікая колькасць дробных чалавечых костак – яны былі перамяшаны са слоем пепла і смецця. Тады ў будаўнiкоў не было часу даследаваць грунт, бо падціскалі тэрміны здачы аб’екта.

 

Барыс Квяткоўскі не губляе надзеі, што калі-небудзь удасца выкапаць з зямлі косткі загінуўшых і нармальна, па-чалавечы іх пахаваць.