“Нёман” прайграў “Дынама”. Галоўны трэнер абяцае старацца ў наступным матчы
З самага пачатку матчу каманды сталі паказваць хуткасны хакей. Гаспадары, якім трэба было адыгрывацца ў серыі, часцей атакавалі, але вось вызначыцца першым атрымалася хакеістам “Нёмана”. Пасля кідка Сэмана Павел Баярчук удала падставіў клюшку. Хакеістам “Дынама” спатрэбілася паўтары хвіліны, каб зраўняць лік. Вызначыўся выхаванец гарадзенскага хакея Аляксей Бадун.
Старт другога перыяду застаўся за гаспадарамі. За тры хвіліны дынамаўцы закінулі дзве шайбы. Вызначыўся Карабань і Амбражэйчык. Былі шанцы ў другой дваццаціхвілінцы вызначыцца і ў “Нёмана”, але, дзякуючы ўмелым дзеянням галкіпера гаспадароў, паразіць вароты “Дынама не ўдалося.
За кошт колькаснай большасці ў пачатку трэцяга перыяду гарадзенцам удалося скараціць адставанне. Чарговай шайбай адзначыўся Баярчук. Хоць падапечныя Мілаша Голаня ў трэцяй дваццаціхвілінцы мелі перавагу i моманты, толькі вось адзначыцца больш нікому не ўдалося.
“Дынама-Маладзечна” – “Нёман” 3:2 (1:1, 2:0, 0:1)
Галы:
08.21 0: 1 – Баярчук (Коршунаў, Сэман, – бол.)
09.57 1: 1 – Бадун (Аўтаеў, Феактыстаў)
21.12 2: 1 – Карабань (Лопачук, Абмётка)
22.54 3: 1 – Амброжэйчык (Казакевіч, Абмётка, – бол.)
43.41 3: 2 – Баярчук (Коршунаў, – бол.)
Пасля паражэння ад “Дынама” Мілаш Голань сказаў, што ў наступным матчы яго каманда будзе старацца.
“Вельмі добрая гульня, добрая атмасфера. Пачалі так, як мы і хацелі, каб закінуць першымі. Вялі 1:0, але адразу пасля гэтага прапусцілі. Старт другога перыяду наогул праспалі. За дзве хвіліны прапусцілі дзве шайбы. Гэта аказала вялікі ўплыў на каманду. Пасля гэтага моманту мы гульню ўжо прайгралі. У канцы было шмат момантаў, але шайба ўвесь час адскоквала, гублялася ў сярэдняй зоне. У гэтых момантах мы гулялі дрэнна. Гэта плэй-оф. Заўтра новы дзень – новы выклік. Будзем старацца“.
Падтрымаць “Нёман” у Маладзечне адправілася больш за 150 чалавек з Гродна
Лік у серыі становіцца 2:1. Чарговая гульня пройдзе ў панядзелак, 29 лютага, у Маладзечне. Незалежна ад заўтрашняга выніку, серыя працягнецца ў Гродне.
Вынікі трэцяга гульнявога дня плей-оф:
“Ліда” – “Шахцёр” – 0:3
“Хімік-СКА” – “Юнацтва” – 2:5
“Металург” – “Гомель” – 2:1