У Гродзенскім універсітэце прайшла першая вечарына беларускай музыкі

|

Вядучыя ўзгадалі асноўныя моманты станаўлення рок-музыкі ў Беларусі, а таксама шмат цікавых фактаў аб гуртах, чые песні прагучалі на вечарыне. Кампазіцыі ўжо даўно сталі сапраўднымі хітамі, таму амаль увесь зал спяваў разам з музыкамі. На мерапрыемcтве акрамя студэнтаў былі і выкладчыкі – усяго ў аўдыторыі памясцілася каля 60 чалавек.

 

 

Гледачы маглі сагрэцца кубкам гарбаты і пачаставацца, а на ўваходзе ўсім павязвалі на руку стужку з беларускім арнаментам. Панавала цёплая атмасфера, а канцэрт больш нагадваў сустрэчу старых сяброў. Пасля афіцыйнай часткі можна было застацца і заказваць любімыя песні, а музыкі выконвалі амаль усе жаданні.

 

 

Падрыхтоўка да імпрэзы пачалася амаль адначасова з новым семестрам, хоць сама ідэя ўзнікла значна раней, расказала адна з арганізатараў Аляксандра Сербін.

 

“Не абыходзілася без спрэчак, але ва ўсіх была адна мэта: зрабіць якасную вечарыну, каб не расчараваць гасцей. Таму ўсе непаразуменні даволі хутка вырашаліся, – кажа дзяўчына. – Падрыхтоўка забірала шмат часу і сіл, але, калі ёсць такая натхнёная і мэтанакіраваная каманда, цяжкасці адыходзяць у бок і ўсё атрымліваюць асалоду ад сумеснай працы”.

 

 

Спачатку арганізатары думалі, што могуць быць непаразуменні з дэканатам, але такога не было. “Адзінае, што нам трэба было – заверыць гатовы сцэнарый і афішу перад пачаткам рэпетыцый. Ідэю вечарыны дэканат успрыняў добра, мы хутка вырашылі ўсе нюансы”, – кажа яшчэ адзін арганізатар Яўген Янюк.

 

 

“Мы ўзгаднялі сцэнарйы з дэканатам, але не магу сказаць, што мы сутыкнуліся з нейкай праявай цэнзуры. Наадварот, дэканат вельмі хутка дазволіў праводзіць гэту імпрэзу. Магчыма не было забарон, таму што мы адмыслова не ўключалі ў сцэнар правакацыйныя песні, альбо песні з палітычным падтэкстам – гэта была наша прынцыповая пазіцыя, бо нам не хацелася ставіць пад пагрозу наша мерапрыемства”, – тлумачыць студэнт Аляксандр Перагудаў.

 


 

Фота Марка Харламава