На першай у горадзе сляпой дэгустацыі гарадзенцы выбралі лепшы портэр
У дэгустацыі ўдзельнічалі портэры ад “Аліварыі”, Лідскага і Брэсцкага піўзавода, самае моцнае беларускае піва “8/20” ад “Крыніцы”, а таксама замежныя канкурэнты – портэр ад польскага бровара Okocim, Senasis Porteris ад Каўнаскай піваварні і Fuller’s London Porter. Апошні можна назваць класікай, бо портэр – тыпова англійскі гатунак піва. Ён узнік у Лондане ў пачатку XVIII стагоддзя, а яго назва паходзіць ад слова „насільшчык”, бо гэты гатунак пілі пераважна працоўныя.
Портэр – цёмнае піва з характэрным вінным прысмакам, моцным араматам соладу і адначасова салодкім і горкім смакам. Моц портэра звычайна складае ад 4,5% да 9% ці нават 10%.
Порцыя для дэгустацыі – 80 грам
Гэтыя крытэрыі і ацэньвалі гарадзенскія дэгустатары: глядзелі на колер, выкарыстоўваючы белую паперку ў якасці фону, прынюхваліся, аналізавалі смак і прысмак, што заставаўся пасля.
Ацэньваем колер напою…
…і яго пах
Дэгустацыя была сапраўды сляпая, падгледзець было немагчыма
Не першым месцы цалкам чакана апынуўся Fuller’s – класіка гатунку. Яму ўдалося набраць 243 з 270 магчымых балаў.
Другое месца з 217 баламі заняў крыніцаўскі “8/20” – адзін з самых цікавых гатункаў, прэзентаваных у мінулым годзе ў Беларусі. Да таго ж, у яго адна з самых якасных з пункту гледжання дызайну этыкетак.
Закрывае тройку лідараў портэр ад “Аліварыі” – 208 балаў. Портэр Okocim набраў 202 балы.
З мінімальнай розніцай, размеркаваліся тры апошнія месцы. Портэр з Брэста набраў 196 балаў (дарэчы, вельмі густоўная этыкетка), Senasis Porteris – 195 балы, а портэр ад “Лідскага піва” атрымаў толькі 194 і ганебна прайграў.
Гарадзенец Кірыл Мішын, які зладзіў сустрэчу, кажа, што ўжо даўно шукаў людзей, з якімі мог бы развіваць піўную культуру ў Гродне, але не раз сутыкаўся з абыякавасцю або неразуменнем. “Праз сяброў даведаўся, што ў Мінску хлопцы нядаўна ладзілі дэгустацыю портэраў “крокавай дасяжнасці”. Мы вырашылі паўтарыць, а ўлічваючы геаграфічнае месцазнаходжанне Гродна, прывезлі яшчэ піва з Польшчы і Літвы – усё ж, для Гродна гэта таксама “крокавая дасяжнасць”, – кажа Кірыл.
Па яго словах, у будучыні цалкам магчыма не толькі праводзіць дэгустацыі іншых гатункаў піва, але і прывозіць на сустрэчы адмыслоўцаў у гэтай галіне, півавараў, цікавыя і рэдкія ў нас віды піва. У першай дэгустацыі ўдзельнічала толькі шэсць чалавек, але “Гродзенская піўная ліга” адкрытая на новых людзей і прапановы.
Фота: ТС, Аліса Апон