Dzieciuki пройдуць у новым альбоме ад Вялікага Княства да партызанаў
“Альбом цяпер на стадыі канчатковага звядзення і мастэрынгу, — запэўнівае карэспандэнта Свабоды менеджар „Дзецюкоў“ Яўген Новаш. — Да 12 сакавіка, да канцэрту ў Беластоку, альбом з’явіцца ў сеціве, і на канцэрце ў Беластоку будуць ужо дыскі”.
Пакуль з альбому прадстаўлены толькі адзін трэк — “Тадэвуш Касцюшка“, прысвечаны нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў.
Пра што будуць іншыя песні? Ці стане гурт больш жорсткім, ці, наадварот, больш лірычным?
“Ён будзе больш гістарычным! — адказвае менеджар. — Будзе і лірычнае, і панк, і балады. Шмат будзе гістарычных аспектаў: героі часоў Вялікага Княства Літоўскага, Касцюшка, перадрэвалюцыйныя часы, 1937 год, партызаншчына… Але ад стылістыкі збольшага не адыходзілі. Будуць прысутнічаць этнічныя інструменты — зразумела, у тым ліку дуда, але будзе шмат банджа, гэта хоць і не беларускі, але этнічны інструмент”.
Апошнім часам у Беларусі не да канца зразумелая сітуацыя з забаронамі канцэртаў: музычны фэст на Дзень волі, да ўдзелу ў якім запрашалі і “Дзецюкоў”, забаронены з прычыны нібыта працёку этыленгліколю, а канцэрт Brutto нібы і не забаронены, але перанесенына нявызначаную дату. Можа, і Dzieciuki ў мітычных “чорных спісах” за свае гістарычныя тэксты?
“Пакуль такой інфармацыі не маем, пакуль няма афіцыйных забаронаў, адменаў канцэртаў”, — кажа Новаш.