Прадстаўнік ААН у Беларусі: У Гродзенскай вобласці жыве 5000 украінцаў, але ніводнага са статусам бежанца

Асноўная мэта візіту – вывучэнне праблем грамадзян Украіны, якія звярнуліся за дадатковай абаронай на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

 

Зараз у рэгіёне жыве каля 5000 грамадзян Украіны, з іх каля 100 чалавек звярнуліся па прытулак. Усім ім была прадастаўлена дадатковая абарона на год. Але за апошнія пяць год Гродзенская вобласць не выдала ніводнага статусу бежанца грамадзянам Украіны.

 

Статус бежанца, згодна з Жэнеўскай канвенцыяй, прадастаўляецца замежнікам, якія маюць усе падставы баяцца пераследу па прыкмеце расы, веравызнання i палітычных перакананнях.

 

Для статусу бежанца патрэбныя пэўныя падставы, а людзі, якія да нас звяртаюцца, не трапляюць пад іх. Грамадзяне Украіны, якія прыязджаюць да нас, самі жадаюць толькі атрымаць дадатковую абарону на год, бо ўпэўненыя, што вернуцца да сябе”, – распавяла юрыст-кансультант у службе па працы з бежанцамі (УВКБ ААН) па Гродзенскай вобласці Юлія Анішчык.

 

На сустрэчы з перасяленцамі Жан-Іў Бушардзi выслухаў кожнага. Цяжкасці з якімі сутыкаюцца грамадзяне Украіны ў Гродзенскай вобласці, у першую чаргу звязаны з афармленнем пенсій і пошукам працы з добрым заробкам. Прадстаўнік ААН па справах бежанцаў паабяцаў паўплываць на сітуацыю.

 

 

У абарону, якую прадастаўляюць грамадзянам Украіны ў Гродзенскай вобласці, уваходзіць абарона ад дэпартацыі і высылкі на працягу года. Таксама даецца права легальнага знаходжання ў Беларусі i легальнага працаўладкавання без спецыяльнага дазволу. Таксама грамадскія арганізацыі дапамагаюць бежанцам фінансава.

 

У размове з журналістамі Жан-Іў Бушардзi распавёў, што ў Беларусі пакуль не чакаецца прыём бежанцаў з краін Афрыкі і Блізкага Усходу. З яго слоў, Беларусь ужо набрала пэўную норму бежанцаў, якую складаюць у асноўным грамадзяне Украіны.