На Нёман і Вілію БелАЭС не паўплывае: намеснік міністра энергетыкі даў інтэрв’ю для Lietuvos Rytas

|

“Калі мы распрацоўвалі праект будаўніцтва Беларускай АЭС, мы яшчэ на пачатковым этапе прынялі неабходныя рашэнні, якія дазваляюць выключыць негатыўнае ўздзеянне на рэкі Вілія і Нёман. На станцыі будзе выкарыстоўвацца замкнёная сістэма ахалоджвання. Вада з Віліі будзе выкарыстоўвацца для першаснага запаўнення сістэм ахалоджвання, а пасля толькі для папаўнення страт ад выпарэння. Аб’ёмы адбору вады з Віліі ніяк не адаб’юцца на ўзроўні і водным балансе ракі “, – адзначыў Міхаіл Міхадзюк.

 

Паводле яго слоў, зліў у Вілію забруджанай радыёнуклідамі вады выключаны. Па-першае, сістэма астуджэння рэактараў з’яўляецца замкнёнай, і ўсе сцёкі пасля апрацоўкі вяртаюцца назад у гэтую сістэму. Па-другое, прадугледжаны ахоўныя бар’еры, якія перашкаджаюць трапленню радыенуклідаў у грунтовыя воды. Па-трэцяе, прадугледжана сістэма маніторынгу, якая дазваляе кантраляваць колькасць радыеактыўных рэчываў і, пры неабходнасці, праводзіць водаачыстку.

 

Адзіная вада, якая будзе адводзіцца ад Беларускай АЭС у Вілію, гэта лішкі ад ахаладжальных вежаў – градзірняў. “Гэта звычайная вада, якая бярэцца з Віліі і якая не мае кантакту з радыеактыўным контурам. Яе аб’ём будзе нязначным, і, натуральна, яе якасць будзе кантралявацца, каб не дапусціць забруджвання экасістэмы Віліі і Нёмана”, – растлумачыў Міхаіл Міхадзюк.

 

Такая тэхналогія астуджэння прымяняецца ва ўсім свеце, на ўсіх цеплавых і атамных станцыях, што працуюць па замкнёнай схеме водазабеспячэння з выкарыстаннем градзірняў.

 

“Па выніках ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) Беларускай АЭС прыняты дадатковыя меры, каб пазбегнуць цеплавога ўздзеяння вады, што адводзіцца з градзірняў, на Вілію. Дзеля таго мы прадугледзелі дадатковае збудаванне, якое дазваляе прывесці тэмпературу  гэтай вады да натуральнай для адпаведнага часу года”, – дадаў Міхаіл Міхадзюк.