“Тэрмінова хлопцаў нам!” Парашутыстка з Гродна расказвае, як навучыцца лятаць у аблоках
Спорт дысцыплінуе і змяняе каштоўнасці
Карына пачала займацца парашутным спортам у 2013 годзе. За тры гады заняткаў яна скокнула з парашутам 155 разоў.
– Калі я вучылася ў ліцэі №1, чальцам ваенна-патрыятычнага клуба прапанавалі заняцца парашутным спортам. Праз паўгода заняткаў з 80 чалавек скокнулі толькі 11, – кажа яна.
Звычайна тэарытычныя заняткі пачынаюцца ў сакавіку, а праз месяц навучэнцы ўжо скачуць. Але ў тым годзе доўга ляжаў снег, а потым самалёт адляцеў арашаць палі ў Расіі. Таму скакалі парашутнікі ажно ў ліпені.
– Першы прыжок не забываецца, – кажа Карына. – Быў ранак, мы стаялі задаволеныя. Адчыняюцца дзверы і мне кажуць: “Падрыхтавацца!”. Гэта азначае, што трэба падыйсці да дзвярэй самалёта і ўзяцца за лямку парашута. Я падыйшла, падзьмуў вецер, і стала так страшна! І тут мне кажуць: “Рана!”. Пасля скоку парашут раскрыўся праз дзве секунды, і я нават нічога не заўважыла. А сам палёт доўжыўся 3-4 хвіліны. І тут ужо я ўсё разгледзела.
Скачок Карына апісвае як “захапленне і эйфарыю”. Страх з часам прытупляецца, але ўсё роўна прысутнічае. Затое з’яўляецца новы страх – не выканаць заданне.
Карына кажа, што заняткі дысцыплінуюць: “Калі ты аднойчы паглядзеў у неба, твае вочы будуць накіраваныя туды. Не праблема ўстаць у шэсць гадзін ранку, каб быць у аэраклубе ў 7.00. Хоць нават ты і лёг у дзве гадзіны ночы”.
Яе словы пацвярджае і інструктар Максім Царык, якога бацькі вазілі на скокі з месячнага ўзросту: “Парашутны спорт прывязвае да здаровага ладу жыцця, не пакідаючы часу на шкодныя звычкі, распіванне алкаголю і г.д. Да таго ж, парашутысты шмат часу праводзяць на свежым паветры”.
Гарадзенскі спартсмен-парашутыст: Вышыня і неба ніколі не надакучаць
Яшчэ Карына кажа, што парашуты змяняюць каштоўнасці: “Грошы мне цяпер патрэбныя не на шмоткі, а на экіпіроўку”.
Экіпіроўка, дарэчы, абыходзіцца дорага. Шлем каштуе 150-200 долараў, камбінезон – 300, а сам парашут – як добры аўтамабіль. Спартсмены аэраклуба займаюцца на бюджэтнай аснове. За кожным замацаваны пэўны парашут у залежнасці ад досведу і колькасці скачкоў. “Платнікі” павінны або арэндаваць парашут у клуба, або купляць уласны.
Аэраклуб прапануе таксама платнае навучанне і скокі. У мінулым годзе самастойны скачок каштаваў 850 тыс. Сёлетнія цэны пакуль невядомыя. Адзін раз можна скокнуць і з інструктарам за 2,5 млн. Дарэчы, у аэраклубе можна набыць падарункавыя сертыфікаты на скокі.
Звычайна ў парашутным спорце больш хлопцаў, але гарадзенскі аэраклуб пераважна жаночы. “Тэрмінова хлопцаў нам!” – смяецца Карына. Займаецца спортам і моладзь, і тыя, каму ўжо за 50.
Як праходзіць навучанне
Гродзенскі абласны аэраклуб знаходзіцца ў Караліно, каля Юбілейнага возера. Там праводзяцца заняткі і скокі. Там жа склады, вучэбныя класы і стаянка для самалётаў. Аэраклуб мае пяць тандэм-інструктараў і сем звычайных. Навучэнцы са Шчучына і Ваўкавыска вучаць тэорыю ў гарадскіх філіалах, а скакаць прыязджаюць у Гродна.
Кожны год у канцы сакавіка аэраклуб набірае некалькі груп па 20-30 чалавек. Запрашаюць навучэнцаў 15-20 гадоў, школьнікаў і студэнтаў першых курсаў. Студэнты старэйшых курсаў і тыя, хто працуе, займаюцца платна. Навучэнцу даюць накіраванне на медкамісію. Здароўе парашутыста павінна быць ідэальным: ні дрэннага зроку, ні праблем з ціскам. Парашутны спорт дае інтэнсіўную фізічную нагрузку. Нават каб скласці парашут патрэбна шмат сіл. Таксама парашутысты займаюцца бегам і плаваннем.
З красавіка пачынаецца тэарэтычная і практычная падрыхтоўка. Парашутысты знаёмяцца са складам парашута і вучацца яго складваць. Па тэарэтычнай інфармацыі трэба здаць залік, а ўкладзены парашут праходзіць тры этапы праверкі, бо праз месяц з ім давядзецца скакаць. Выпускнікі аэраклуба таксама штогод прыходзяць займацца і складаць парашуты. Для іх заняткі пачынаюцца ў лютым, а скокі – у красавіку.
Мастацтва скачкоў
Навучэнцы пачынаюць скакаць з вышыні 600-700 метраў і даходзяць да 4-5 кіламетраў. Час, за які парашутыст пройдзе гэты этап, можа быць розны. Пераломны момант у станаўленні парашутыста – гэта трэці скачок. Пасля дзесяці пачынаюць скакаць з ручным раскрыццём, з пяці-, дзесяці- і пятнаццацісекунднай затрымкай. Таксама ёсць скачкі на ваду, на востраў, на дакладнасць скачку, групавыя, купальныя.
Скокі залежаць ад надвор’я. Не павінна быць дажджу, патрэбна слабая воблачнасць і добрая бачнасць, вецер да 4 м/с. А спартыўны парашут працуе і пра ветры да 10 м/с. Траўматычныя выпадкі вельмі рэдкія і могуць адбыцца хутчэй па няўважлівасці саміх парашутыстаў.
Магчымасць прафесійнага росту
Пачынаючы можа звязаць з парашутным спортам сваё жыццё. Можна трапіць у зборную Беларусі, стаць кандыдатам, а пазней майстрам спорту. Або стаць інструктарам і выкладаць у аэраклубе.
У Беларусі рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія і абласныя спаборніцтвы па парашутным спорце. Сярод іх Чэмпіянат Беларусі, Чэмпіянат узброеных сіл, No profi. Парашутнае мнагабор’е ўключае ў сябе бег, плаванне і скокі.
Неба выбрала іх, а яны выбралі Гродна: аднавілася традыцыя авіяцыйных фестываляў
Супольнасць парашутыстаў мае свае традыцыі. Напрыклад, біць запасным парашутам на юбілейны скачок (100, 200 і г.д.) і адзначаць дзень ВПВ. Таксама парашутысты ніколі не кажуць “апошні” ў дачыненні да скачка, толькі “крайні”.
Фота з сайта Гродзенскага абласнога аэраклуба