У абноўленым цэнтры “Пышкі” прайшла Масленіца: забаў хапала, бліноў – не

|

Рэканструкцыя былой турбазы “Нёман”, якая зараз мае новую назву “Пышкі”, доўжылася тры гады. “Блін Party” стала першым масавым мерапрыемствам, якое прайшло тут пасля заканчэння будаўнічых прац.

 

На свята ўдалося прадаць каля 500 білетаў, а 15 чалавек забраніравалі нумары з начлегам, расказаў начальнік Бюро Падарожжаў і Экскурсій прадпрыемства “Гроднатурыст” Андрэй Янюк.

 

Спецыяльна для жыхароў горада быў арганізаваны бясплатны аўтобус, які кожную гадзіну адпраўляўся з аўтавакзала на месца святкавання.

 

 

На працягу дня ў “Пышках” праходзіў святочны канцэрт з удзелам калектываў Цэнтра культуры Гродна.

 

Госці маглі пакатацца на поні і квадрацыклах, паглядзець рыцарскія баі, наведаць незвычайную пляцоўку “постапакаліптычных” атракцыёнаў або нават пагуляць у лазертаг у напаўзакінутым будынку.

 

 

Хоць свята пазіцыянавалася як Масленіца, бліноў амаль не было. Дзве кропкі проста не паспявалі абслугоўваць натоўп. У сталовай цэнтра таксама не былi гатовы да наплыву людзей. Адзінае, што нагадала пра Малсленiцу, дык гэта сапраўдныя народныя гулянні, горад майстроў і традыцыйнае спальванне пудзіла.

 

Гэта наша першае мерапрыемства пасля рэканструкцыі. У нас ужо працуе сталовая і жылы корпус. У будучыні хочам зрабіць більярд і боўлінг, а таксама злучыцца з Аўгустоўскім каналам. Хочацца, каб людзі праплывалі па канале і спыняліся ў нас. Вядома, патрэбен прычал. У будучыні пастараемся рэалізаваць гэтыя ідэі“, – расказаў Андрэй Янюк.

 

У звычайным нумары цэнтру “Пышкі” зараз можна пераначаваць за 300 тысяч рублёў, а ў люксе з двума пакоямі – за 400 тысяч.